Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падзеліцца з Вэнэсуэлай ідэямі?


У часе візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу агучаны цэлы шэраг сумесных праектаў, якія беларускі бок маецца рэалізаваць у Паўднёвай Амэрыцы.

Мяркуючы па колькасьці прапановаў, гэта першая спроба Беларусі выйсьці на рынак асобнай краіны шырокім фронтам. Чым зьбіраюцца гандляваць стратэгічныя партнэры і якія праекты лічаць пэрспэктыўнымі?

Дасягненьні беларускай эканомікі мусіць прадэманстраваць Нацыянальная выстава ў Каракасе, якая адкрылася сёньня і будзе працаваць да 9 сьнежня. Больш за 200 вытворчых, навуковых, адукацыйных, турыстычных арганізацый імкнуцца пашырыць геаграфію паставак тавараў і паслугаў. Свае ўзоры праз акіян даставілі прамысловыя гіганты: МТЗ, МАЗ, БелАЗ, “Амкадор”, “Белаграмаш”, “Мотавела”.

Пад беларускую прадукцыю – адміністратыўны рэсурс

Якія шанцы замацавацца на рынку? Беларускі ўрад рапартуе: ня толькі надзвычай высокія, але нават вядзецца праца на стварэньне СП у зборцы БелАЗаў, МАЗаў, трактароў МТЗ і бытавой тэхнікі “Гарызонт”. Наколькі рэальныя такія пляны? Запытваюся ў былога кіраўніка прадпрыемства ў вырабе будаўнічай тэхнікі “Амкадор” Васіля Шлындзікава:

“Яшчэ за савецкім часам на Кубу мы шмат што пастаўлялі. Праўда, тады і кошт транспартных паслугаў быў не такі высокі, як цяпер. У прынцыпе, цалкам магчыма арганізаваць дастаўку адсюль найбольш складаных вузлоў і агрэгатаў, а іншае аб’ёмнае рабіць ужо там. Зрэшты, схемы магчымы розныя: калі гэта трактар, то можа быць канвэер, выпускаць там іх тысячу-дзьве. І калі насамрэч атрымаецца, і гэта потым там будзе купляцца, то гэта выгадна.
Там эканоміка квазірынкавая і гэта не азначае, што яны прымусяць усіх купляць беларускую тэхніку


Іншае пытаньне, што без сур’ёзных маркетынгавых дасьледаваньняў вельмі складана сказаць, ці будзе гэта набывацца. Дзяржаўныя прадпрыемствы канечне, могуць прымусіць, але ўсё ж там эканоміка квазірынкавая і гэта не азначае, што яны прымусяць усіх купляць беларускую тэхніку. Але і сказаць, што гэта ўвогуле беспэрспэктыўна, мне прадаецца, таксама нельга”.

Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя беларускі экспарт у Вэнэсуэлу амаль на 100% грунтаваўся на пастаўках калійных угнаеньняў. У сваю чаргу, з Вэнэсуэлы ў нязначных аб’ёмах ішоў тытунь ды некаторыя тавары паўсядзённага попыту. Паводле вынікаў 2005-га, гандлёвыя адносіны наблізілася да крызыснай адзнакі, паколькі экспарт калійных угнаеньняў зьнізіўся на 60%, а таваразварот вагаўся на ўзроўні 6 мільёнаў даляраў.

Аднак пасьля актыўных кантактаў Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавэса (тройчы за два апошнія гады), на кастрычнік 2007-га таваразварот вырас у 6,7 раза. Асноўныя артыкулы беларускага экспарту – зноў калійныя ўгнаеньні (20 мільёнаў даляраў), грузавая аўтамабільная і трактарная тэхніка (5 мільёнаў даляраў).

Аднак найбольшы плён ад супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай кіраўніцтва Беларусі разьлічвае атрымаць у нафтавай галіне. Праграмай візыту афіцыйнай дэлегацыі прадугледжана адкрыцьцё сумеснага прадпрыемства ў здабычы нафты ў даліне ракі Арынока.

Формула бізнэсу: нафта ў абмен на аграгарадкі

Згодна з пэрспэктыўным плянаваньнем, ужо ў наступным годзе Беларусь здабудзе там каля 1 мільёна тон нафты, якую праз вэнэсуэльскія кампаніі зьбіраецца прадаваць у трэція краіны. Пры гэтым Беларусі будзе “перападаць” толькі 40% ад здабытай сыравіны, астатняя колькасьць застанецца гаспадарам. Эканамічны плён ад падобнага спосабу нафтаздабычы ацэньвае палітоляг, доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш:

“Вэнэсуэльская нафта, магчыма, і танная. Але ж ёсьць такое паняцьце як камунікацыі, магчымасьць яе дастаўкі да спажыўцоў. Натуральна, што везьці яе з Вэнэсуэлы ў Беларусь ня надта выгадна, яе трэба дзесьці прадаць, паставіць на нафтавы рынак. Ва ўсялякім разе спэцыялісты адзначаюць цэлы шэраг праблемаў, зьвязаных з вэнэсуэльскай нафтай. Ну, але ж трэба шукаць нейкае выйсьце і ў пошуках расейскай альтэрнатывы.
Лукашэнка (...) у абмен на паліва паставіць на вэнэсуэльскі рынак беларускія тавары, якія сёньня імкліва губляюць свае пазыцыі ў Расеі


І Лукашэнка кінуўся да свайго сябра ў далёкую Вэнэсуэлу. Бо разьлічвае ў абмен на паліва паставіць на вэнэсуэльскі рынак беларускія тавары, якія сёньня імкліва губляюць свае пазыцыі ў Расеі. Відавочна, што трэба іх нейкім чынам рэалізоўваць: калі рэалізацыя гэтых тавараў запаволіцца ці ўвогуле спыніцца, абвал эканомікі і сацыяльны выбух можа адбыцца яшчэ раней, чым яго прадказваюць экспэрты. А прадказваюць яны яго на вясну”.

Яшчэ адзін маштабны сумесны праект маецца быць рэалізаваны ў сельскай мясцовасьці. Намаганьнямі беларускіх спэцыялістаў вэнэсуэльскіх вяскоўцаў паспрабуюць “наблізіць да горада”. Зноў жа, праз беларускае вынаходніцтва – аграгарадкі. Адзін з удзельнікаў праекту, прадстаўнік сталічнага горадабудаўнічага інстытута Юры Кротаў, кажа, што гэта не абавязкова будуць такія ж дамкі, якія цяпер будуюць у беларускіх калгасах.

“Усё будзе рабіцца пры непасрэдным удзеле дзяржавы, гэта зразумела. Але, як я лічу, гэта разумна, бо на якіхсьці стадыях разьвіцьця грамадзтва неабходныя намаганьні дзяржавы. А так як там вельмі складаная сытуацыя з сельскім насельніцтвам склалася, то патрабуюцца буйныя інвэстыцыі і адчувальныя намаганьні, так скажам. А ці будзе гэта падобна на беларускі досьвед? Гэта ўжо прафэсійны бок справы. Калі вэнэсуэльскія прафэсіяналы проста скапіююць беларускі досьвед, то гэта не прафэсіяналы. Яны мусяць ужыць яго з улікам сваёй спэцыфікі і – можа быць – урэшце ад беларускага досьведу застанецца 20%, можа палова. Я нават ня ведаю”.

Падначаленае Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта прадпрыемства “Цэнтар Курорт” паспрабуе завабіць у Беларусь вэнэсуэльскіх турыстаў. Гасьцям прапануюць адпачынак у беларускіх санаторыях па нізкіх коштах. Без уліку пералёту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG