Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30-годзьдзе і Новы год П.Севярынец мусіць адсьвяткаваць на “хіміі” (фота)


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць 30 cьнежня Паўлу Севярынцу спаўняецца 30 гадоў. Гэты юбілей Севярынец сустрэне ў вёсцы Малое Сітна, дзе адбывае прысуд – яму адмовілі ў паездцы ў Віцебск да родных на дзень народзінаў. Сёньня ён даведаўся ад начальніка спэцкамэндатуры, што яму адмовілі і ў паездцы дахаты на Новы год, хаця напярэдадні яму паабяцалі даць адпачынак зь 1-га студзеня.

(Севярынец: ) “Сёньня зранку мяне павіншаваў Ігар Дамуць. Першай справай ён павіншаваў мяне з днём народзінаў, а потым сказаў: “Як заўсёды, Павал Канстанцінавіч, у мяне для вас кепская навіна. Вы не паедзеце дахаты – загад зьверху, і ўсё такое. Ну, ён трэці раз ужо пераносіць тэрмін адпачынку. Кажа, што можа быць толькі 2-га”.

Павіншаваць Паўла Севярынца прыехалі сябры з Глыбокага, Віцебску, Менску, Гародні. Задзьмуваючы 30 сьвечак на торце, Павал загадаў жаданьне.

(Севярынец: ) “Задзьмуваючы сьвечкі на торціку, я загадаў, каб усё было па-Божаму!”

Нагадаем, што ад 15-га жніўня 2005-га году Павал Севярынец адбывае пакараньне на “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну. Сёлета абвінаваначанаму ў арганізацыі несанкцыянаваных вулічных акцый моладзеваму палітыку адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні: адмысловая атэстацыйная камісія пастанавіла, што Павал Севярынец так і “ня стаў на шлях выпраўленьня, пакаяньня й супрацоўніцтва з адміністрацыяй”. Лідэр “Маладога фронту” працуе стропальшчыкам на лесаўчастку на станцыі Алёшча Полацкага раёну. Працуе ён там ужо больш як 16 месяцаў.





XS
SM
MD
LG