Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Форд – адзіны кіраўнік ЗША, які стаў прэзыдэнтам бяз выбараў


Кастусь Бандарук, Прага Ва ўзросьце 93 гадоў на сваім ранча ў Каліфорніі памёр 38-ы прэзыдэнт ЗША Джэралд Форд – адзіны кіраўнік Злучаных Штатаў, які стаў прэзыдэнтам бяз выбараў.

У мінулым месяцы Джэралд Форд стаў найбольшым даўгавечнікам з усіх прэзыдэнтаў ЗША, пераадолеўшы рэкорд працягласьці жыцьця, які датуль належаў Роналду Рэйгану. Доўгі час Форд цяжка хварэў на сэрца, 6 гадоў таму перанёс інсульт, а ў студзені сёлета запаленьне лёгкіх.

Джэралд Форд стаў прэзыдэнтам ЗША 9 жніўня 1974 году пасьля адстаўкі прэзыдэнта Рычарда Ніксана. Адстаўка была зьвязаная з Уотэргейцкім палітычным скандалам – выкрыцьцём спробы ўстанаўленьня апаратуры для падслухоўваньня ў офісе палітычных канкурэнтаў з Дэмакратычнай партыі ў вашынгтонскім гатэлі “Ўотэргейт”. У часе, калі разгараўся гэты скандал і Ніксану пагражаў імпічмэнт, у 1973 годзе Форд таксама бяз выбараў стаў віцэ-прэзыдэнтам. Віцэ-прэзыдэнт Сьпіра Эгнью быў тады адхілены ад пасады ў сувязямі з абвінавачаньнямі ў карупцыі, і Ніксан прызначыў на ягонае месца малавядомага рэспубліканца Джэралда Форда.

Адразу пасьля абраньня на пасаду прэзыдэнта Форд заклікаў да нацыянальнага адзінства:

(Форд: ) “Суграмадзяне! Наш працяглы нацыянальны кашмар закончыўся. Наша канстытуцыя працуе. Наша вялікая краіна кіруецца законамі, а не людзьмі”.

Адным зь першых рашэньняў новага прэзыдэнта было памілаваньне свайго папярэдніка Рычарда Ніксана і зьняцьце зь яго абвінавачаньняў у любых злачынствах, якія той мог учыніць у часе свайго кіраваньня.

Гэтае спрэчнае рашэньне, якое нэгатыўна адбілася на ягонай папулярнасьці, Форд тлумачыў неабходнасьцю “залячыць раны” на нацыянальнай годнасьці амэрыканцаў. У 1976 годзе ён ледзьве апярэдзіў Рэйгана ў якасьці кандыдата на пасаду прэзыдэнта ад рэспубліканцаў, але затым на выбарах прайграў дэмакрату Джымі Картэру. Як прэзыдэнт Форд стараўся аднавіць давер амэрыканцаў да ўлады і меў рэпутацыю сумленнага і шчырага палітыка.

На міжнароднай арэне Джэралд Форд працягваў палітыку, накіраваную на зьмякчэньне напружанасьці ў адносінах з Савецкім Саюзам. У 1975 годзе ён закончыў непапулярную ў грамадзтве 10-гадовую віетнамскую вайну, у часе якой загінулі 58 тысяч амэрыканцаў. Форд абвясьціў амністыю для тысяч амэрыканцаў, якія дэзэртэравалі з арміі або ўхіляліся ад прызыву ў войска. Пры ім была таксама падпісаная Хэльсынская дамова. Гэтае пагадненьне хаця й замацоўвала падзел Эўропы на сфэры ўплываў, узгоднены ў Ялце, аднак накладала на Маскву абавязаньні ў галіне правоў чалавека.
XS
SM
MD
LG