Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Аляксандра Саковіч (27.12.1906 — 8.1997)


Уладзімер Арлоў, Менск Само неба наканавала беларускім жанчынам жыць доўга. Асабліва пісьменьніцам. І асабліва — нібы сплочваючы доўг за ростань з радзімай — тым, хто апынуўся за межамі краіны-мроі, назва якой — Беларусь. Нашымі зусім блізкімі сучасьніцамі былі народжаныя яшчэ ў пазамінулым стагодзьдзі вільнянка Зоська Верас і “масквічка” Канстанцыя Буйла. Крыху не дажыла да свайго 95-годзьдзя ў доме на беразе Антарыё Натальля Арсеньнева...

Далікатна кажучы, невялікая розьніца ў гадах тым ня менш дазволіла мне трапіць у адну часавую “капсулу” і зь яшчэ нядаўняй жыхаркай амэрыканскага Кліўлэнду Аляксандрай Саковіч, якую ў дзявоцтве звалі Інай Рытар. Седзячы ў яе за па-беларуску багатым сталом, мы высьветлілі, што абое былі знаёмыя з гісторыкам Міколам Улашчыкам, а ў яе родных бацькоўскіх Ярэмічах на Наваградчыне я вудзіў рыбу, калі плыў зь сябрамі ад вытокаў Нёману да Балтыкі. Мы з гаспадыняю вучыліся на адным гістарычным факультэце БДУ; праўда, яна — у славутых Уладзімера Пічэты, Мітрафана Доўнар-Запольскага і Ўсевалада Ігнатоўскага, а я — таксама ў славутага, але наадварот Лаўрэнція Абэцэдарскага. На гістфак яе, дарэчы, прывяло імкненьне паглыбіць веды, каб напісаць раман пра Кастуся Каліноўскага.

У 1930-м яна выйшла замуж і пераехала ўсьлед за сваім абраньнікам у Маскву. Падчас “яжоўшчыны” муж Дамінік, унук паўстанца-каліноўца, быў арыштаваны і высланы на Калыму. Каб пазьбегнуць арышту, будучая пісьменьніца вяртаецца ў Беларусь. Потым была выкладчыцкая праца (1942—1944) у Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, лягер перамешчаных асобаў у Заходняй Нямеччыне і вайсковы транспартны карабель, на якім яна дабралася да берагоў ЗША. Там стала жонкаю вядомага літаратара, гісторыка і грамадзкага дзеяча Аўгена Калубовіча (Каханоўскага).

Пачынаючы з 1950-х у друку ўсё часьцей зьяўляюцца ўспаміны, апавяданьні й аповесьці з подпісам: Аляксандра Саковіч. Галоўная іх тэма — лёс Беларусі і беларусаў у гады сталіншчыны і Другой сусьветнай вайны.

Я здымаю з паліцы том яе выбранай прозы “У пошуках праўды”, выдадзены Беларускім Інстытутам навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку (1986), перачытваю аўтограф, пакінуты цьвёрдай упэўненай рукою на самым парозе свайго 90-годзьдзя і гляджу на партрэт прыгажуні ў “матросцы” і белых каралях.

Сёньня 100 гадоў зь дня яе нараджэньня.
XS
SM
MD
LG