Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Генрык Дмахоўскі


Уладзімер Арлоў, Менск 26.10.1810, Вільня — 26.5.1863, в. Парэчча (цяпер Маладэчанскі раён).

Аднойчы на сустрэчы з чытачамі з залі прыйшло нечаканае пытаньне: “У якога гістарычнага героя вы хацелі б пераўвасобіцца, каб пражыць ягонае жыцьцё”. Я спрабаваў адказаць жартам у тым сэнсе, што і сам нейкім чынам асоба гістарычная і з самім сабою мне ня сумна. Але аўтар настойваў, і зь сьвядомасьці чамусьці першым вынырнула імя, якое даўно прываблівала мяне як літаратара — Генрык Дмахоўскі.

Упершыню я пачуў яго, як гэта ні дзіўна, у кангрэсе ЗША, куды, дарэчы, можа (прынамсі, тады мог) безь вялікіх праблемаў патрапіць любы турыст. Спадарожнік, амэрыканскі беларус Васіль Мельяновіч, зьвярнуў маю ўвагу на тое, што бюсты Тадэвуша Касьцюшкі й змагара з рабствам прэзыдэнта Томаса Джэфэрсана стварыў для Кангрэсу беларускі скульптар Дмахоўскі.

Я пакуль не прысьвяціў яму апавяданьня ці аповесьці, але сюжэты ўжо даўно раяцца ў галаве, пагатоў такога жыцьця, як у яго, хапіла б не на адзін раман.

У юнацтве ён вывучаў у Віленскім унівэрсытэце юрыспрудэнцыю і адначасова браў урокі маляваньня й скульптуры. Аднак, калі грымнула паўстаньне 1831 году, Генрык адклаў пэндзаль і разец ды разам з натхнёнай падзеямі віленскай моладзьдзю далучыўся да інсургентаў.

Апынуўшыся пасьля паўстаньня на эміграцыі ў Парыжы, ён не зьбіраўся супакойвацца: зьвязаўся з карбанарыямі, падтрымаў ідэю свайго колішняга камандзіра Юзафа Заліўскага вярнуцца ў Беларусь і зноў распаліць агонь змаганьня. На шляху да мэты Генрык мусіў зрабіць вымушаны сямігадовы прыпынак у турме-фартэцы Куфштайн у Тыролі. Да арышту Генрыка аўстрыйскімі жандарамі непасрэдна прычыніўся родны дзядзька Казімер, які ўпэўнена рабіў царкоўную кар’еру і, калі атрымаў ад пляменьніка ліст, папросту здаў таго ўладам, намаляваўшы пры гэтым падрабязны партрэт: “Росту высокага, валасы сьветла-русыя, вочы мае блакітныя, нос трохі задзёрты, твар круглы, бакенбардаў і вусоў да 1831 году не насіў...” Паслугі прэлата Дмахоўскага былі ацэненыя. Па часе ён стаў біскупам, а потым і мітрапалітам — узначаліў усю каталіцкую царкву ў Расейскай імпэрыі.

Тым часам у турэмнай камэры Генрык ляпіў з хлебу розныя фігуркі і навучыўся рабіць гэта віртуозна. Потым у парыскай мастацкай ён адшліфуе свой талент. Празь некалькі гадоў такая асоба, як Дмахоўскі, у Эўропе зьнікае. Затое ў ЗША зьяўляецца вядомы скульптар Генры Д. Сондэрс, які стварае бюсты Джорджа Вашынгтона, Бэнджаміна Франкліна, скульптурную групу “Гарыбальдзі з воінамі”, мэдальён з сылюэтамі пакараных сьмерцю дзекабрыстаў... Чалавек з такімі сымпатыямі ня мог не вярнуцца на радзіму, адкуль даходзілі зьвесткі пра падрыхтоўку новага паўстаньня.

У 1861-м ён зноў ступіў на віленскі брук, у наступным годзе адчыніў насупроць катэдральнага сабору скульптурнае атэлье, а ў 1863-м быў прызначаны паўстанцкім камісарам Дзісенскага павету. У траўні на ягоны аддзел, магчыма, папярэджаныя мясцовымі мужыкамі раптоўна напалі карнікі. “Дмахоўскі васьмю стрэламі прашыты — упаў стары на рукі моладзі”,— пісаў у сваім лісьце адзін з паўстанцаў.

Генрыку Дмахоўскаму, як і мне, ішоў пяцьдзесят трэці год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG