Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Міхалевіча й Васіля Лепеша арыштавалі на пяць сутак <b/>(фота)


Любоў Лунёва, Менск Суд Савецкага раёну Менску арыштаваў на 5 сутак намесьніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча й сябра незарэгістраванай арганізацыі “Згуртаваньне беларускіх студэнтаў” Васіля Лепеша. Суд абвінаваціў іх у дробным хуліганстве. Ад 23 сьнежня Васіля й Алеся трымаюць пад вартай у турме на вуліцы Акрэсьціна.

Некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі ў суд Савецкага раёну Менску. Ім давялося чакаць пяць гадзінаў, пакуль прывязуць Алеся Міхалевіча й Васіля Лепеша.

Першым у будынак суду прывялі Васіля Лепеша. Судзьдзя Людміла Савасьцян зачытала міліцэйскі пратакол. У ім сьцьвярджалася, што ўвечары 22 сьнежня Васіль стаяў у кампаніі маладых людзей каля пад’езду дому на вуліцы Дарашэвіча й нецэнзурна лаяўся. Васіль патлумачыў у судзе, што яго затрымалі ў кватэры Алеся Міхалевіча, дзе адбывалася сьвяточная вечарына. Туды прыйшлі супрацоўнікі міліцыі й павялі іх у аўтазак. У міліцыі перапісалі пашпартныя зьвесткі. Праз тры гадзіны на Алеся Міхалевіча і Васіля Лепеша склалі пратаколы за дробнае хуліганства, а астатніх затрыманых адпусьцілі.

Гэтыя паказаньні пацьвердзілі іншыя сьведкі. Але судзьдзя Людміла Савасьцян паведаміла, што ў яе няма падставаў не давяраць паказаньням спэцназаўца Зьмітра Карагоды. Яна зачытала ў судзе даведку пра тое, што хлопец ужо адбываў арышт ад 19 сакавіка — таксама паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве, і арыштавала Васіля на 5 сутак. Ён пасьпеў сказаць некалькі словаў “Свабодзе”:

(Лепеш: ) “Мяне затрымалі, бо раней ужо затрымлівалі. Супрацоўнікі КДБ, якія праводзілі ператрус, мяне добра ведалі. На ўваходзе адразу сказалі мне: “Васіль Аляксандравіч, добры дзень!”. Натуральна, мяне абурае, што мяне абвінавацілі такім чынам”.

Намесьніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча міліцыянты прывялі ў кабінэт судзьдзі Аксаны Рэлявы. Той жа сьведка, Зьміцер Карагода, сьведчыў, што Алесь нецэнзурна лаяўся на вуліцы. Ён адмовіўся патлумачыць, як Алесь адначасова мог падпісваць пратаколы ператрусу ў кватэры й знаходзіцца на вуліцы. Нягледзячы на блытаніну ў паказаньнях міліцыянта, судзьдзя пакарала Алеся Міхалевіча арыштам на 5 сутак.

Алесь Міхалевіч упершыню Каляды сустракаў у турме. Ён не адкідаў магчымасьці, што там жа давядзецца сустрэць і Новы год.

(Міхалевіч: ) “Я перакананы, што яны папросту паказваюць, што любая актыўнасьць будзе карацца. Пры гэтым ня мае ніякага значэньня, ці ёсьць парушэньнем заканадаўства гэтая актыўнасьць, ці не. Папросту за тое, што людзі ладзяць канцэрты, запрашаюць бардаў, далі пяць сутак”.

Алесь Міхалевіч паведаміў, што ў міліцыі знаходзяцца кампакт-дыскі, сыстэмны блёк ад кампутара й кнігі, якія міліцыянты знайшлі падчас ператрусу.

Васіль Лепеш і Алесь Міхалевіч выйдуць на волю заўтра, 27 сьнежня, у 23 гадзіны.



у будынку суду



Алесь Міхалевіч



Васіль Лепеш
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG