Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сядаць за стол трэба, калі запаліцца першая зорачка на небе…"


Сяргей Астраўцоў, Горадня Як у вашай сям’і сьвяткуюць Каляды? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенскія дзеці, зь якімі размаўляў наш карэспандэнт.

(Дзяўчынка: ) “Мы едзем да бабулі, зьбіраемся ўсёй сям’ёю. Бабуля сьпявае песьні калядныя на польскай мове. А кормяць рыбай”.

(Хлопчык: ) “Мы спачатку прымаем аплатку і пачынаем маліцца. Кожнае Божае нараджэньне мы ядзім куцьцю, абаранкі і ўсё астатняе. Мама жадае маім сёстрам, каб яны добра вучыліся, і кожнаму мы жадаем шчасьця, каб былі здаровенькімі. У нас бабуля старэнькая, яна вельмі дрэнна размаўляе. Мы ёй таксама вельмі жадаем, каб яна болей пражыла і не захварэла”.

(Дзяўчынка: ) “У нас сядзяць за сталом, бяруць аплатку, потым ядуць куцьцю, абаранкі з макам і аўсяную кашу. А потым можна ўсё астатняе есьці, толькі мяса нельга”.

(Хлопчык: ) “У Раство – у гэты дзень нарадзіўся Божанька ў стайні на сене. Мы дома сядаем за стол, гаворым пацерак і дзелімся аплаткамі”.

(Хлопчык: ) “А мы сена на стол кладзем, за стол сядаем, калі зьяўляецца першая зорка на небе. Ставім на стол дванаццаць страваў”.

(Дзяўчынка: ) “Мы дзелімся за сталом аплаткамі, жадаем здароўя, шчасьця, каб ніхто ніколі не хварэў у сям’і. Запальваем сьвечкі, чытаем малітвы, жагнаемся”.

(Хлопчык: ) “Дзелімся аплаткамі за сталом і заўсёды ямо”.

(Дзяўчынка: ) Мы спачатку бярэм молімся, потым сьпяваем песьні, дзелімся аплаткамі, жадаем усяго добрага — здароўя, шчасьця і каб быў падобны на Пана Бога”.

(Сяброўка: ) “Спачатку, перад тым, як сядаць за стол, мы памолімся, потым дзелімся аплаткамі, жадаем шчасьця, здароўя ўсім. І сядаць за стол трэба, калі запаліцца першая сьвечка на небе… Вой, зорачка на небе!”
XS
SM
MD
LG