Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У каталіцкіх храмах завяршаюць падрыхтоўку да Раства (фота)


Галіна Абакунчык, Менск У касьцёлах Беларусі завяршаюць апошнія прыгатаваньні да сьвята Раства Хрыстовага. Заўтра ўвечары там распачнуцца ўрачыстыя перадкалядныя набажэнствы. Удзень 25 сьнежня яны прадоўжацца сьвяточнымі канцэртамі і мастацкімі імпрэзамі.

У менскім Чырвоным касьцёле гэтымі днямі гучыць прыцішаны арган і стаяць чэргі да спавядальняў. Ясьлі з нованароджаным Хрыстом тут завешаныя тканінаю, каб урачыста быць адкрытымі ў ноч на Раство. У Катэдральным касьцёле сталася традыцыяй, каб стаенка была ўсталяваная ў двары, кажа Галіна, якая працуе разам зь іншымі маладзёнамі.

(Галіна: ) “Сёлета будзе крыху інакш, чым звычайна і будзе вельмі прыгожа. Але яшчэ працы ідуць”.

(Віталь: ) “Сёлета вырашылі ня толькі ў двары елку ўпрыгожыць, але і за варотамі касьцёлу. Каб, магчыма, праз гэтую прыгажосьць, якую мы робім, хтосьці далучыўся да Бога”.

У касьцёле на Залатой Горцы апошнія прагоны каляднай тэатральнай пастаноўкі. Акторы тут усіх узростаў – ад юнакоў і дзяўчат і да першаклясьнікаў.

(Карэспандэнтка: ) “Якія вашыя ролі ў спэктаклі?”

(Дзеці: ) “Пастушкоў. Мы граем пастушкоў, які ішлі за зоркай, каб пабачыць народжанага Пана Бога”.

Упрыгожваньне каляднай стаенкі тут завершанае. Адна з кіраўнічак касьцельнага тэатру Людміла Скітовіч кажа, што традыцыя ўсталяваньня ясьляў з нованароджаным Хрыстом сягае вытокаў хрысьціянства. А вось тэатар у беларускім касьцёле толькі разьвіваецца.

(Скітовіч: ) “Раней усе ролі выконвалі дзеткі, але сёлета мы вырашылі выкарыстоўваць лялькі. Бо ў нас ёсьць вельмі маленьнія дзеткі, і вось для іх, празь лялькі, мы і хочам распавесьці гісторыю двухтысячагадовай даўніны”.

Шматлюдна зараз і каля касьцельных шапікаў, дзе прадаецца сена, аплаткі і дэкаратыўныя сьвечкі. Гэтак доўжыцца амаль увесь перадкалядны пост, але найбольш людзей апошнімі днямі, кажа прадавачка Вольга.

(Вольга: ) “Людзі ўвесь час ідуць і набываюць шмат аплатак, сена, стаенкі, паштоўкі, сьвечкі. І штогод гэта нарастае. Людзі хочуць, каб гэтае сьвята было прыгожым”.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG