Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (16.12-22.12.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.

“Ну што я вам скажу: свабода — гэта самае лепшае, што ёсьць у чалавека. Самае! Свабодны чалавек можа ўсё”.

Андрэй Клімаў, палітык – пасьля вызваленьня пасьля паўтарагадовага тэрміну абмежаваньня волі.

“Супрацоўнік, якога я не магу назваць, сказаў мне: “Рашэньне станоўчае. Ідзіце дамоў і купляйце шампанскае”.

Валер Дранчук, бацька зьняволеннага сябра “Партнэрства” Цімафея Дранчука – пра размову з супрацоўнікам парпраўчай калёніі, дзе ўтрымліваецца Цімафей.

“Я не хачу зьдзяйсьняць проціпраўныя дзеяньні і проста прашу арыштаваць мяне. Я гатовы ахвяраваць сваёй свабодай, каб рэалізаваць сваё права на ўдзел у выбарах".

Валер Шчукін, палітык і журналіст, які ня мае пэўнага мейсца жыхарства і таму ня можа ўдзельнічаць у мясцовых выбарах – у лісьце ў пракуратуру.

“Асобнае слова ўдзячнасьці калектыву Радыё Свабода, які ўвесь час помніў пра мяне і дазваляў дыхаць салодкім паветрам свабоды”.

Аляксандар Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі – з заявы 11 сьнежня аб спыненьні галадоўкі.

“Я думаю, што гэта і ёсьць крокі да аншлюсу, таму што прадаецца радзіма, прадаецца сувэрэнітэт у абмен на захаваньне рэжыму. Рэжым баіцца эканамічнага і сацыяльнага крызысу і пачынае прадаваць радзіму... Вельмі добра, што эўрапейскія краіны падрыхтаваныя, яны павінны выступіць у самым пачатку і сказаць, што ніякі рэфэрэндум у дыктатарскай краіне ня будзе імі прызнаны. Я маю надзею, што і мы пакажам, што мы катэгарычна супраць, і што дэмакратычныя краіны нас падтрымаюць”.

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў – пра вынікі перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна.

“Аляксандар Казулін – сьцяг дэмакратычнага супраціву і барацьбы за волю”.

З адозвы ўстаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых сілаў.

“Мы працуем на электаральным полі Аляксандра Лукашэнкі, які, выкарыстоўваючы левую фразу, спрабаваў весьці народ за сабой, пры гэтым праводзячы абсалютна лібэральную палітыку. Таму мы сёньня можам у яго перахапіць ініцыятыву на ягоным карэнным электаральным полі”.

Сяргей Калякін, старшыня Партыі камуністаў Беларускай, сустаршыня Саюзу левых сілаў – пасьля правядзеньня ўстаноўчай канфэрэнцыі Саюзу.

"Беларусь – шрам на твары Эўропы і чорная дзірка эўрапейскай дэмакратыі".

Маты Ванханэн, прэм’ер міністар Фінляндыі – з выступу ў Эўрапарлямэнце, прысьвечанага падвядзеньню вынікаў паўгадавога старшынства Фінляндыі ў Эўразьвязе.

“У Менску няма словаў, але можа не застацца і сувэрэнітэту”.

Загаловак артыкулу ў расейскай газэце “Коммерсантъ”, прысьвечанага вынікам перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна.

“Увядзеньне рубля фактычна азначае страту Менскам незалежнасьці – хай пакуль і эканамічнай”.

Міхаіл Дзелягін, расейскі эканаміст – зь інтэрвію газэце “Аргументы и факты”.

"Усім жа бачна, што ў Расеі няма ніводнага палітыка, параўнальнага па маштабу і размаху з такой асобай, як Лукашэнка. І ці можа беларускі прэзыдэнт даверыць кіраваньне сваёй краінай кампрадорскай алігархіі, марыянэткавым лідэрам, кампрадорскім энэргетыкам?”

Газэта “Советская Россия”.

“Нават пры падвышэньні цэнаў на нафту і газ разьвіцьцё беларускай эканомікі спыніць нельга. Калі сунуць палец у кола ровара, можна зламаць 1-2 сьпіцы, але ровар будзе ехаць”.

Мікалай Кобрут, міністар фінансаў Беларусі – пра расейскую палітыку адносна цэнаў на энэрганосьбіты для Беларусі.

“У нас няма гандлёвай вайны з Расеяй”.

Сяргей Сідорскі, прэм’ер-міністар Беларусі.

“Расейскі бок ужо не настойвае на цане на газ для Беларусі ў 2007 годзе на ўзроўні 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пры ўмове стварэньня супольнага беларуска-расейскага газатранспартнага прадпрыемства цана можа скласьці 130 – 140 даляраў за тысячу кубічных мэтраў”.

Аляксандар Сурыкаў, пасол Расеі ў Беларусі (гэтая заява сп-ра Сурыкава пазьней была абвергнутая “Газпромам”).

“Дэвальвацыі беларускага рубля не чакаецца”.

Пётар Пракаповіч, старшыня Нацыянальнага банку.

“Вы недаацэньваеце нашага Лукашэнку. Даіў ён Расею і будзе даіць. Ён ведае балявыя кропкі, на якія трэба ў патрэбны момант націснуць, каб у Крамлі напалохаліся. Выйсьце ён знойдзе. І народ яго чарговы раз цалкам падтрымае. А апазыцыя застанецца з носам. Бо ня мае таленавітага палітыка такога ж маштабу”.

Зь ліста на “Свабоду”.

“Наша пазыцыя палягае ў тым, што ў цяперашніх умовах у Беларусі немагчымы рэфэрэндум, які б дазволіў нам прызнаць яго цалкам свабодным і справядлівым выказваньнем волі беларускага народу. Тое, што нядаўна было падоўжанае дзеяньне “Акту аб дэмакратыі для Беларусі”, сьведчыць: цяпер у Кангрэсу ёсьць меркаваньне адносна таго, што ў існых умовах такі рэфэрэндум ня можа быць прызнаны”.

Карэн Ст’юарт, пасол ЗША ў Беларусі – пра магчымы рэфэрэндум аб канстытуцыйным акце саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

“Апазыцыя лічыць, што пераможа нават тады, калі яна проста захавае сябе. На маю думку, гэта ня ёсьць перамогай. Гэта якраз сьведчаньне глыбокага крызісу”.

Уладзімер Роўда, палітоляг.

"Канада і міжнародная супольнасьць павінны аказваць ціск на Беларусь, каб палепшыць умовы жыцьця людзей".

Пітэр Маккэй, міністар замежных справаў Канады – пра эканамічныя санцыі, уведзеныя гэтай краінай адносна Беларусі.

“Крок недальнабачны і беспасьпяховы”.

Андрэй Папоў, прэсавы сакратар МЗС Беларусі – пра эканамічныя санцыі, уведзеныя Канадай адносна Беларусі.

“Рашэньне ўвойдзе ў сілу цягам 6 месяцаў пры ўмове, што Рада ня вырашыць да канца гэтага тэрміну, што прычыны пазбаўленьня прэфэрэнцыяў больш не існуюць. Выключэньне Беларусі са сьпісу карыстальнікаў сыстэмы прэфэрэнцыяў наступіла пасьля расьсьледаваньня Эўрапейскай камісіі, якое было праведзена на запыт некалькіх міжнародных прафсаюзных канфэдэрацыяў. Яны заявілі аб парушэньнях свабоды аб’яднаньняў і калектыўных дамоваў у Беларусі. Расьсьледаваньне паказала, што беларускія ўлады перашкаджаюць свабоднаму стварэньню прафсаюзных арганізацыяў”.

Франсуа Гэд, прадстаўнік Рады Эўразьвязу – пра рашэньне Рады аб выключэньні Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў.

“Такая дарагая цана плаціцца за авантурнасьць і безадказнасьць беларускага ўраду, за тое, што яны не зважаюць ні на якія акалічнасьці”.

Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў – пра рашэньне Рады Эўразьвязу аб выключэньні Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў.

“Рашэньне Рады Эўразьвязу штурхае Беларусь да Расеі. Санкцыі заўсёды адбіваюцца на грамадзтве. Гаворачы мовай польскіх камуністаў часоў ваеннага становішча, урад сябе пракорміць”.

Марыюш Машкевіч, былы пасол Польшчы ў Беларусі – пра рашэньне Рады Зьвязу аб выключэньні Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў.

“Я баюся, што гэта можа быць незразумела беларускаму грамадзтву і можа даць Лукашэнку падставы для таго, каб вінаваціць ва ўсіх магчымых гаспадарчых праблемах Эўразьвяз – вось маўляў, да нас павярнуліся сьпінаю”.

Януш Анышкевіч, віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту – пра рашэньне Рады Зьвязу аб выключэньні Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў.

“Улётка для прапагандысцкай кампаніі супраць Беларусі”.

Андрэй Папоў, прэсавы сакратар МЗС Беларусі – пра рэзалюцыю Генэральнай асамблеі ААН аб становішчы ў Беларусі.

“Пастаноўка пытаньня аб правах чалавека ў такой аўтарытэтнай арганізацыі, як ААН, тым больш на пленарным паседжаньні, і галасаваньне, якое падтрымала гэтую рэзалюцыю, сьведчаць пра абсалютна кепскі стан з правамі чалавека ў Беларусі паводле розных пазыцыяў: права на мітынгі, на свабоду выказваньняў, на атрыманьне інфармацыі, на свабоду аб’яднаньняў”.

Алесь Бяляцкі, праваабаронца – пра рэзалюцыю Генэральнай асамблеі ААН аб становішчы ў Беларусі.

“Сёньня ніякіх пытаньняў пра канстытуцыйны акт, нафту і газ задаваць ня трэба, сёньня ў нас сьвята”.

Уладзімер Канаплёў, старшыня палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу – у размове з журналістамі падчас сьвяткаваньня дзесяцігодьдзя ўтварэньня Палаты прадстаўнікоў.

“Трэба ведаць перадусім сваю родную мову. Дзеці ў Беларусі ўжо ўвогуле не разумеюць на тэлебачаньні перадачаў на беларускай мове, не чытаюць газэт па-беларуску”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – з выступу на рэспубліканскай Радзе рэктараў ВНУ.

“Не. Мы ад Вайсковай акадэміі прыехалі на зьезд. Акадэмія выдзеліла групу маральна-псыхалягічнага забесьпячэньня 344-га вучэбнага ўзвода”.

Адзін з курсантаў вайсковай акадэміі, якія прысутнічалі на зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (на чале з М. Чаргінцом) – у адказ на пытаньне “Свабоды”, ці зьяўляецца ён удзельнікам зьезду.

“У нас школа была беларускамоўная. Але ж я лічу, што ў нашай краіне не адчуваецца, што беларуская мова – нашая. Усё зьмяшана, расейскай мовы вельмі шмат”.

Мянчук – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Ці патрэбнае пашырэньне вывучаньня беларускай мовы ў школах?”.

“Ня бачу сэнсу. Бо мова гэта сродак зносінаў паміж людзьмі. І ўвогуле было б вельмі добра мець адну мову на ўсёй плянэце”.

Мянчанка – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Ці патрэбнае пашырэньне вывучаньня беларускай мовы ў школах?”.

"Выйсьці замуж дзеля таго, каб завесьці дзіця – зараз у гэтым няма ніякай неабходнасьці. Я сама дастаткова зарабляю, і магу падняць дзіця сама. А муж як зьява прыроды мне абсалютна не патрэбны. Я выкарыстала знаёмага мужчыну па прызначэньні і нарадзіла сама. На ролю біялягічнага бацькі ён яшчэ падыходзіць, а на ролю выхавацеля – наўрад ці".

Мянчанка Ірына, мэнэджэр, 33 гады.

“Няма пакуль такіх выпадкаў і скаргаў, каб аўганскія дзеці не пайшлі ў школу, каб ня бралі іх у школу альбо ў дзіцячы садок. Такога няма, каб нейкія абразы ад беларускіх дзяцей былі. Вучацца дружна. Праўда, было тры гады таму — маці аднаго хлопчыка паскардзілася, што яе хлопчыку казалі: “Ты чорны, такі-сякі”. Але гэта, канечне, адзіны выпадак”.

Сафі Сэйфул, старшыня грамадзскай арганізацыі аўганскіх уцекачоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG