Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаюцца слуханьні ў справе вернікаў “Новага жыцьця”


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе адбудзецца паседжаньне ў справе царквы “Новае жыцьцё”. Пратэстанты спадзяюцца, што суд вынясе рашэньне на карысьць вернікаў. Летась гарадзкія ўлады пазбавілі іх зямельнага надзелу, а сёлета будынак, храм пратэстантаў, перавялі ў гарадзкую маёмасьць. На знак пратэсту вернікі трымалі галадоўку 23 дні і дамагліся адмены выкананьня рашэньняў Менгарвыканкаму. Цяпер Вышэйшы гаспадарчы суд будзе сам вырашаць канфлікт паміж гарадзкімі ўладамі і пратэстанцкай суполкай

Вернікі пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” намагаюцца ў судзе адмяніць рашэньні Менгарвыканкаму. Але сёньня яны пададуць шэсьць новых патрабаваньняў.

Вернікі настойваюць, каб суд прымусіў гарадзкіх чыноўнікаў перапрафіляваць мэтавае выкарыстаньне зямельнага надзелу, на якім месьціцца будынак. Раней ён належыў былому калгасу, і на ім дазвалялася будаваць толькі кароўнік. Цяпер, калі зямля стала гарадзкой уласнасьцю, вернікі просяць, каб яе аформілі пад будаўніцтва культавага будынку. Гэта ж тычыцца й самога будынку. Апроч таго, вернікі патрабуюць, каб ім кампэнсавалі ўсе дзяржаўныя мыты, якія яны плацілі ў часе судовых разьбіраньняў. Гэта больш за тысячу даляраў. Астатнія патрабаваньні стануць вядомыя толькі ў часе судовага паседжаньня.

Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін паведаміў Радыё Свабода:

(Луканін:) “На гэты час мы ня можам казаць пра ўсе патрабаваньні дакладна, бо гэта зьвязана з працэдурнымі момантамі і пакуль мы вымушаныя трымаць іх у сакрэце, маючы на ўвазе фактар нечаканасьці. Мы не адступім ад сваіх патрабаваньняў і пойдзем да канца. Нават, калі ўлады разьлічваюць замарудзіць гэтую справу, мы будзем мець магчымасьць знаходзіцца ў нашым будынку і ладзіць там набажэнствы”.

Адміністратар царквы Васіль Юрэвіч распавёў, што вернікі ў сваім будынку, дзе месьціцца нядзельная школа, напярэдадні Калядаў рыхтуюць выставы дзіцячых твораў і ўпрыгожваюць памяшканьне. Ён запэўніў, што галадоўка можа аднавіцца ў любы момант. Гаворыць Васіль Юрэвіч:

(Юрэвіч:) “Вернікі гатовыя зноў распачаць пост-галадоўку ды іншыя акцыі пратэсту, каб адстойваць свае правы. Мы адчуваем, што Гасподзь з намі. Ён дае нам сілы, магчымасьць змагацца. Мы распачалі пост, які прысьвечаны гэтаму суду, каб былі добрыя вынікі паседжаньня”.

Калі суд далучыць да справы новыя патрабаваньні вернікаў, то сёньня канчатковае рашэньне прынята ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG