Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск: міліцыя ўварвалася ў кватэру кандыдата ў дэпутаты гарсавету


Вячаслаў Кулік, Менск Увечары 20 сьнежня ў Пінску міліцыянты і людзі ў цывільным уварваліся ў кватэру кандыдата ў дэпутаты гарадзкога Савету Юры Бахцерава. З Радыё Свабода тэрмінова зьвязаўся адзін са сьведкаў гэтай падзеі і распавеў пра усё, што адбывалася, у рэжыме он-лайн

На пінскай вуліцы імя Урыцкага было ўжо цёмна, калі міліцэйскія машыны пад’ехалі да дому нумар 31. Людзі ў форме пачалі грукаць у дзьверы кватэры сябра партыі БНФ, зарэгістраванага кандыдата ў дэпутаты Пінскага гарсавета Юры Бахцерава. Сьведка падзеі Аляксандар Рамановіч тэрмінова зьвязаўся з Радыё Свабода.

(Рамановіч: ) “Толькі што адчыніліся дзьверы і туды запускаюць міліцыянтаў і двух сьведак, з якімі яны прыйшлі адразу. Нікога з вуліцы ў якасьці сьведак не пускаюць”.

(Голас: ) “Галя, лічы ўсіх!”

(Другі голас: ) “...пяць, шэсьць. Шэсьць і яшчэ адзін у цывільным – за вуглом: сем ”.

(Рамановіч: ) “Зараз грукаюць у дзьверы і здымаюць на відэакамэру. Людзі абураюцца. Міліцыянты камандуюць, каб людзей выгналі з двара. Адчыніліся дзьверы! Юрыя Сяргеевіча пхаюць у хату! Каманда: “Нікога не пушчаць! На ўваходзе дзяжурыць міліцыя, а чалавек з відэакамэрай заходзіць у хату. Жанчыну тут штурхнулі”.

(Голас: ) “Так! За грудкі, за грудкі браў – хацеў зьбіць!”.

(Рамановіч: ) “Юрый Сяргеевіч патрабуе іншых сьведак. Маленькі калідорчык у хаце і ўсе тоўпяцца там. Далей у хату Юрый Сяргеевіч не пускае ізноў жа, стаў у дзьвярох, размаўляе з міліцыянтамі”.

(Голас: ) “Вобшук! А зь якой прычыны невядома. Вобшук – і усё!”

(Рамановіч: ) “Нешта доўга вядуцца перамовы”.

(Голас: ) Я тут гаспадар. І мы не ў аддзеле ўнутраных спраў, адкуль вы нас можаце выгнаць!”.

(Галасы: ) “Пакіньце двор неадкладна! Не выйду!”.

(Рамановіч: ) “Юры Сяргеевіч прасіўся ў прыбіральню – яму не дазволілі. Асабісты дагляд. Усё здымаецца на камэру. Ён там уключыў дыктафон, ня ведаю, ці выявілі міліцыянты. Ён выключыў ўсё сьвятло. Яны цяпер сьвецяць ліхтарыкамі. У кватэры адбываюцца нейкія вышуковыя мерапрыемствы”.

Ператрус у кватэры кандыдата ў дэпутаты Пінскага гарсавету Юрыя Бахцерава доўжыўся больш як тры гадзіны. У 22.40 міліцыянты забралі хатні архіў, а таксама сьпіс з подпісамі выбарцаў і агітацыйныя матэрыялы, падрыхтаваныя да мясцовых выбараў. Са словаў Юрыя Бахцерава, сьведкі ператрусу, якіх прывозілі міліцыянты --з імі і зьехалі. Гаспадару кватэры не паведамілі нават іх прозьвішчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG