Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"60% соі, якая прадаецца ў Беларусі, трансгенная. У нас выбару няма"


Радыё Свабода, Менск Першая генэтычна мадыфікаваная расьліна зьявілася ў 1983 годзе - гэта быў тытунь. І з таго часу генная інжынэрыя пачала імкліва разьвівацца. У генна мадыфікаваных прадуктах мяняецца формула ДНК – такім чынам паляпшаюцца якасьці саміх прадуктаў. Эколягі перакананыя, што ўжываньне такіх харчоў парушае набор ДНК чалавека, што ў сваю чаргу можа прывесьці да мутацыяў арганізма. Бальшыня эўрапейскіх краінаў выступае супраць распаўсюду трансгенных прадуктаў. Зьнішчэньне пасадак трансгенных культур і нават нацыянальныя рэфэрэндумы аб забароне геннай інжынэрыі сталі звычайнай справай у многіх краінах Эўропы. А ў Амэрыцы Канадзе, Аргентыне, наадварот, трансгенныя культуры займаюць мільёны гектараў.

У Беларусі трангенных расьлінаў не вырошчваецца, але беларусы даўно спажываюць мадыфікаваную сою, кукурузу ды іншыя харчы замежнай вытворчасьці.

Сёлета Дзяржстандарт Беларусі праверыў 2300 узораў прадуктаў, і ў амаль 140 пробах (у сьпісе пельмені, вяндліна, прыправы, супы, локшына хуткага гатаваньня, блінчыкі) знойдзеныя генэтычна мадыфікаваныя элемэнты. Але беларускія мэдыкі і навукоўцы асаблівай трывогі Дзяржстандарту не падзяляюць.

Загадчык лябараторыі комплексных праблем харчаваньня Рэспубліканскага цэнтру гігіены Васіль Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) "Гэта соя, якая ўтрымліваецца ў варанай каўбасе альбо кукурузе. Што значыць "трывожыць"? Калі б было дакладна даказана, што, да прыкладу, генэтычна мадыфікаваная соя наносіць шкоду чалавеку, каб гэта Эўрапейскі зьвяз ці Усясьветная арганізацыя аховы здароўя вызначыла, дык гэта б было забаронена ва усім сьвеце. Але пакуль нічога не даказана. Таму як можна казаць пра шкоднасьць?"

У Беларусі пакуль не вырошчваюцца генэтычна мадыфікаваныя расьліны. Некалькі год таму Інстытут генэтыкі і цыталёгіі Акадэміі навук Беларусі заключыў дамову з прадстаўнікамі міжнароднай карпарацыі "Монсанта" на вырошчваньне гэтак званай "B-t" бульбы, якую не ядуць калярадзкія жукі. Аднак праект прыпынены.

Лябараторыі пры цэнтрах гігіены і эпідэміялёгіі, якія створаныя ва усіх абласьцях, дасьледуюць харчы, якія трапляюць на беларускі рынак з-за мяжы. Але гэта зусім не азначае, што калі прадукт утрымлівае ГМ-элемэнты, яго забараняюць. Згодна з законам "Аб біябясьпецы", на пакунку такіх прадуктаў павінна быць маркіроўка.

Супрацоўнік Нацыянальнага цэнтру біябясьпекі Беларусі Барыс Аношанка:

(Аношанка: ) "На падставе нашага рашэньня, калі на пакунку няма надпісу, што ў прадукце ўтрымліваецца генна-інжынэрны арганізм, павінен зьявіцца такі надпіс. Гаворка ідзе толькі пра маркіроўку. У нас няма забароны. Адзінае – павінна быць маркіроўка. Гэта права спажыўца ведаць".

Эколягі дамагаліся, каб у Беларусі была замацаваная такая норма, як у Малдове: калі ў прадукце ёсьць ГМ-арганізмы, 10% плошчы этыкеткі павінен займаць надпіс пра гэта. І каб, як на цыгарэтах, было папярэджаньне. Але праблема ў тым, што мала хто з пакупнікоў ведае пра верагодную небясьпеку, таму патрэбны інфармаваньне і асьвета. І жорсткае заканадаўства, лічаць эколягі.

Старшыня менскага гарадзкога адзьдзяленьня Міжнароднага аб’яднаньня эколягаў Яўген Шырокаў:

(Шырокаў: ) "Мая асабістая пазыцыя і пазыцыя маёй няўрадавай арганізацыі – трымацца як мага далей ад ГМ-прадуктаў. Патэнцыйная небясьпека вельмі высокая. Цікавы факт: на мінулым тыдні маскоўскі урад абвясьціў Маскву зонай, свабоднай ад ГМА. Цяпер ні ў Маскве, ці ў вобласьці нельга не прадаваць, не вырабляць ГМ-прадукты".

Міністэрствам аховы здароўя Беларусі зацьверджаны сьпіс прадуктаў, якія абавязкова павінны правярацца. У першую чаргу, гэта соя, кукуруза, рыс, бо ў сьвеце большая частка гэтых расьлінаў трансгенная.

Барыс Аношанка:

(Аношанка: ) "60% соі, якая ёсьць у Беларусі, таксама трансгенная. Тут у нас проста выбару няма. Хутка бавоўна будзе уся трансгенная. Тое самае і з кукурузай. Калі кукурузу мы яшчэ можам купляць у Малдове, Украіне, дзе яна не трансгенная, то з сояй выйсьця няма".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG