Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як скарысталі кіраўнікі БССР час Брэжнева?


Сяргей Навумчык, Прага

У студзені 1982 году мы з маім аднакурсьнікам паехалі на канікулы ў Маскву і апынуліся на Чырвонай плошчы, калі адбывалася пахаваньне галоўнага ідэоляга, сакратара ЦК КПСС Суслава.

Тады на трыбуне маўзалею мне давялося пабачыць ажно чатырох генсекаў, якія зьменяць адзін другога – Брэжнева, Андропава, Чарненку, Гарбачова. Што уразіла – амаль усю цырымонію Брэжнеў правёў, седзячы ў крэсьле, крыху ззаду ад цэнтральных мікрафонаў. Напэўна, яму было цяжка стаяць. Целаахоўнік наліваў яму нешта з тэрмаса.

Дарэчы, і нам было ня весела стаяць, бо мароз, градусаў 20, і масквічы на плошчы саграваліся ня з тэрмаса, а “саракаградуснай” – пакуль з трыбуны маўзалею гучалі прамовы, па чарзе прысядалі, каб схавацца ў натоўпе, і прыкладаліся да пляшак “з гарла”. Было дзіўнавата, што на гэта ніяк не рэагавалі афіцэры КДБ, якіх, вядома, у натоўпе было поўна – але, думаю, яны таксама былі б ня супраць прыкласьціся, ды на маўзалеі стаяў іх шэф, Андропаў...

Сёньня шмат хто прыгадвае час Брэжнева з настальгіяй. Эпоха Брэжнева для майго пакаленьня 40-45-цігадовых – гэта эпоха дзяцінства і юнацтва, а такія гады заўсёды згадваеш зь цеплынёй. Вось толькі да юнацкіх радасьцяў сам Леанід Ільіч ня меў ніякага дачыненьня. Ну хіба што анэкдоты пра Брэжнева рабілі жыцьцё крыху весялейшым. Але наўрад ці тыя анэкдоты надта ўжо весялілі кінутага за краты Міхаіла Кукабаку ці выгнаных з працы альбо з вучобы за нацыянальную дзейнасьць Міхася Чарняўскага, Алеся Разанава ды Зянона Пазьняка.

Магчыма, нехта нагадае, што ўсё пазнаецца ў параўнаньні. У энцыкляпэдыях зафіксавана, што пры Брэжневу Салжаніцын быў высланы ў замежжа. Але цяпер вядома, што Андропаў і некаторыя іншыя члены палітбюро настойвалі на высылцы Салжаніцына не ў Швайцарыю, а на ўсход, у бок Магадану.

Прынята казаць пра нелюбоў Брэжнева да Беларусі і яе тагачаснага кіраўніка Машэрава. Машэраў пры гэтым у легендах падаецца як антыпод Брэжнева, як чалавек, які нібыта супрацьстаяў карупцыі і распаду... У канцы 1980-х гадоў я чуў ад былога сакратара ЦК КПБ Кузьміна, як на адзін з апошніх юбілеяў Брэжнева Пётра Міронавіч павёз у Маскву падарунак – зробленую у Нямеччыне стрэльбу, якая каштавала дзясяткі тысяч рублёў. Заплацілі, вядома, з партыйнай касы. Сумнеўным выглядае і міт пра тое, што Брэжнеў ледзь не справакаваў гібель Машэрава. Былы другі сакратар ЦК КПБ Бровікаў распавядаў, што, калі ён дакладаў па ВЧ генсеку пра катастрофу, Брэжнеў лаяўся матам, а потым плакаў. Цяпер вядома, што Брэжнеў зьбіраўся зрабіць Машэрава – пасьля Касыгіна – старшынём Саўміну СССР – фактычна другой асобай у Саюзе.

Брэжнеў, вядома, быў прыхільнікам так званай “ленінскай нацыянальнай палітыкі” – але, у адрозьненьне ад Хрушчова, ён быў пазбаўлены апантанага жаданьня як найхутчэй русіфікаваць рэспублікі. Пра тое, што пры камунізьме ўсе будуць размаўляць толькі па-расейску, Хрушчоў заявіў менавіта ў Менску, на прыступках БДУ. Брэжнеў пры наведваньні Менску абмяжоўваўся стандартнымі шаблённымі фразамі. Выглядае, што нацыянальная палітыка, як і ўвогуле ідэалёгія, яго мала цікавіла. Падаецца, што камуністычныя кіраўнікі суседніх Літвы і Латвіі плённа скарысталі гэтую акалічнасьць у нацыянальных інтарэсах сваіх народаў – канечне, абмежавана. Але ў Беларусі – не скарысталі ніяк.

Толькі пасьля сьмерці Брэжнева шырокай публіцы стала вядома, што ў жыцьці ён быў чалавек спагадлівы, любіў жартаваць.

Але гэта ўжо мала паўплывае на палітычную і гістарычную ацэнку эпохі Брэжнева, якая будзе атаясамлівацца з працэсам Сіняўскага-Даніэля, галадоўкай Сахарава, судамі над Чарнавілам, высылкай дысыдэнтаў, Прагай 1968-га, тысячамі ахвяраў аўганскай вайны ды падтрымкай рэжымаў, якія па ўсіх канонах паліталёгіі зьяўляліся дыктатарскімі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG