Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы задаволеныя сёлетнімі зьменамі ў горадзе


Сяргей Астраўцоў, Горадня Што вы лічыце добрай навіной 2006 году? Якімі падзеямі ў вашым жыцьці, зьменамі ў горадзе ці ў краіне запомніцца вам гэты год? На гэтыя пытаньні адказвалі гарадзенцы, зь якімі размаўляў наш карэспандэнт.

(Спадар: ) “У мяне нарадзіўся сын, гэта самая шчасьлівая падзея. Завуць Захарам, будзе хутка год яму”.

(Дзяўчына: ) “У горадзе ўсё файна, і вельмі прыгожыя ёлкі навагоднія”.

(Яе сяброўка: ) “Калі гэтым летам быў выступ “Крамбамбулі”, гэта быў самы добры момант для мяне. Лявон Вольскі выступаў таксама”.

(Сталы спадар: ) “Я сёлета ажаніўся, гэта найбольш запомнілася. І шлюбнае падарожжа ў Варшаву”.

(Спадарыня: ) “Гэты год быў, шчыра кажучы, цяжкі. Але можна адзначыць фэстываль нацыянальных культураў, які ў нас праходзіў у горадзе. Вельмі спадабалася. Хацелася б, каб у наступным годзе жыцьцё стала прасьцейшым”.

(Дзяўчына: ) “Мне 2006 год спадабаўся тым, што я скончыла магістратуру й стала магістрам права. А ўвогуле быў год сабакі, і нічога запамінальнага не адбылося. Праўда, горад стаў паляпшацца. Людзі сталі, напэўна, крыху дабрэйшыя. І на тварах больш усьмешак, хоць зімы не атрымалася, але, я думаю, аптымізм у людзей не зьнікае”.

(Студэнтка: ) “Я думаю, найбольш яскравая падзея году — пабудова Нацыянальнай бібліятэкі. І наш горад у лепшы бок зьмяніўся, стала больш акуратна, утульна. І людзі, напэўна, дабрэйшыя робяцца”. (Хлопец: ) “Чым запомніўся год? Ды нічым. 2006 год дакладна такі ж быў, як 2005-ты”.

(Ягоны сябар: ) “Я зьезьдзіў у Кіеў, паглядзеў — горад вельмі прыгожы. А яшчэ ты працу зьмяніў, і я таксама”.

(Сталая спадарыня: ) “У горадзе стала вельмі цудоўна, чыста, утульна. Жыцьцё цяпер нармальнае. А ў сям’і? Унучка ў мяне прыгожанькая, вось для яе падаруначак купіла да Новага году”.

(Малады спадар: ) “Я памяняў работу, працую цяпер у сэрвісным цэнтры. Але хацелася б, каб людзі сталі крыху дабрэйшыя”.

(Спадар: ) “Што сказаць? Працуем, крыху лягчэй робіцца, і ў горадзе прыгажэй. Стаў трошкі болей зарабляць, памянялі машыну й кватэру пабудавалі сёлета”.

(Малады спадар: ) “Вы ведаеце, з узростам час пачаў бегчы крыху хутчэй. А чым мне год запомніўся? Я зрабіў сваёй каханай дзяўчыне прапанову, і яна пагадзілася выйсьці за мяне замуж у наступным годзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG