Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я веру, што атрымаецца вярнуць праўду нашаму народу”


Радыё Свабода Сяргей Макарэвіч — удзельнік праграмы “Ў што я веру”

Я веру ў будучыню беларускага пісьменьніка, вобраз якога складваўся на працягу апошніх 150 гадоў, але так і ня здолеў канчаткова сфармавацца. За ўсю гісторыю існаваньня беларускай літаратуры пісьменьнік ня змог заняць годнае месца ў грамадзтве. А менавіта — стаць народным сымбалем.

Беларускі пісьменьнік прызвычаіўся тварыць ва ўсіх, нават не прыдатных для таго умовах. Добра відаць гэта на прыкладзе хаця б Цішкі Гартнага. Нягледзячы ні на што, ён стварыў першы ў гісторыі айчыннай літаратуры закончаны раман. Для сучаснага чытача твор не актуальны, бо ён увабраў у сябе дасягненьні таго часу. Гэта, напэўна, і лепш. Калі раманы, аповесьці, апавяданьні, вершы з часам пачнуць траціць сваю актуальнасьць, але не старэць, гэта будзе сьведчыць, што нашае грамадзтва крочыць наперад.

Але пісьменьнік павінен адпавядаць сучасным патрабаваньням. І толькі не патрабаваньням і ўстаноўкам партыі, улады…

Сёньняшні беларускі пісьменьнік, на жаль, знаходзіцца ня ў лепшых умовах, чым ягоны папярэднік сто гадоў таму. Але ён зноў прызвычаіўся. Нядаўна на прэзэнтацыі чарговай кнігі Вольгі Іпатавай старшыня ТБМ Алег Трусаў сказаў наступнае: “У нашых пісьменьнікаў усё адабралі, а яны працягваюць пісаць і выдаваць свае кнігі, хоць і за ўласны кошт”. Рыгор Барадулін увайшоў нават у 10 лепшых пісьменьнікаў пры галасаваньні на сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію. “Прыдворныя” пісьменьнікі знаходзяцца на дзяржаўным рахунку, а свае кніжкі не выдаюць, бо іх папросту няма каму пісаць.

Таму я веру, што беларускі пісьменьнік перастане пад усё падладжвацца — гэта ня будзе нікому патрэбна. І кансалідаваць грамадзтва атрымаецца менавіта дзякуючы мастацкаму друкаванаму слову, а значыць — атрымаецца вярнуць праўду нашаму народу.





Сяргей Макарэвіч – дзевятнаццацігадовы студэнт, краязнаўца, адзін са стваральнікаў і сталы аўтар вілейскага альманаху “Волат”, любіць творы барда Андрэя Мельнікава і рудых беларускіх дзяўчат.


Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
XS
SM
MD
LG