Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Шастакова


Радыё Свабода Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе менская журналістка Вольга Шастакова.

Я люблю людзей. Узрост, пол, нацыянальнасьць, колер скуры і сэксуальная арыентацыя значэньня ня маюць. Быў бы Чалавек Разумны.

На гэтым усе пра сур’ёзнае і сумнае. Да майго тыдня!

Панядзелак

Жыцьце, як звычайна па панядзелках, пачынаю нанава. Кефір, зялёная гарбата, каля дванаццатай – у ложак! Грахі замальваю. Сябры на выходных – гэта здорава! Але стамілася, ня выспалася і прасадзіла амаль усе грошы. “Калі ласка, 50 марціні, 50 гарэлкі, шклянку соку і шмат лёду!” (Дарэчы, рэкамэндую).

Прачнулася і пасьмяялася зь сябе: стала эстэтка ў 25 год! Раней – джынсы, швэдар, якая-небудзь прычоска і хопіць. А цяпер – спаднічка, бо “такі сьнежань, калі яшчэ апрану!” Апраўдваюся, таму што спадніца сапраўды класная, жоўта-аранжавая, у клетку, цёплая, як сказаў зводны брат – “нібы з пледзіку зроблена”.

На працы на дзіва спакойна. Звычайна тут маленькі дурдом: газэта штодзённая, і кожны дзень – як першы, кожную раніцу – артыкул, бегаем, тэлефануем, патрабуем і робім немагчымае. Я не пра сябе, вы не думайце, я пра ўсю рэдакцыю!

А сёньня каляровы нумар, многае зроблена загадзя. Можна спакойна пашукаць тэмы, зрабіць важныя званкі і падумаць пра новыя артыкулы. Я адсочваю галоўныя падзеі: газ, нафта, галадоўка Казуліна. Я не пішу на гэтыя тэмы, але інфармацыя – мая праца, ды і проста я чалавек актыўны. Думкі? У Казуліна ня верыла спачатку, калі шчыра. У газ па 200 ня веру зараз. Але ж так цікава жыць, калі нешта адбываецца! Разумею, што калі б сям’я, двое дзяцей і крэдыт на кватэру, казала б па-іншаму, але ж гэтага няма!

Вечарам – сустрэча з былымі аднакурсьнікамі. Як жыцьце раскідала! І незалежная прэса і самая залежная... Мне камфортна. Ня дай Бог рабіць тое, што ня хочацца, і змушаць сябе хадзіць на працу.

Аўторак

Люблю сваю работу за непрадказальнасьць. Учора пісала пра адукацыю ў БДУ, заўтра – пра інтэрнэт, сёньня – пра ДАІ. Апошні мой вялікі матэрыял – пра хлопца, якога пасадзілі за забойства, а потым апраўдалі. Цяжкая гісторыя. І хлопец нацярпеўся... А тут тэлефануе мне маці забітай жанчыны і крычыць: “Ён забойца!”

Увечары быў цудоўны канцэрт “Бенефіс Анемпадыстава”. Праўда, у мяне частка сяброў спытала, што такое “бенефісанемпадыстава”, а яшчэ нехта – хто такі Бенефіс Анемпадыстаў.

Я зь Менску, і жыла з маці да 24 гадоў, зараз асобна. Наймаю кватэру зь сяброўкай, ужо больш за год. Канечне, двухпакаёвую, ніхто нікога не турбуе, але мы вельмі радыя, што атрымалася жыць удваіх. У свой пакой можаш пайсьці, калі хочаш адзіноты, а калі трэба падтрымка, то можам адзін на аднаго разьлічваць. Дзякуй, Віка!

Серада

Паглядзела на свой штодзёньнік. Вяду яго і ўсё пішу, бо справаў – тысяча! А сёньня не зрабіла і паловы. Затое – ёсьць віза ў Літву, і гэта – шчасьце. Ледзь не пабегла па квіткі, але зразумела, што віза з 20-га, і вырашыла ехаць 23-24 сьнежня. Хто хоча, айда са мной.

Для мяне нармальна – сесьці ў цягнік ды паехаць. Нават адной. Я адзіноты не баюся, а часам дык і люблю. Хочаш – кніжку чытай, хочаш – піва пі ды музыку слухай. А хочаш – маўчы і думай. І не замінае ніхто. І ты сам на сам з сабою.

Вечарам – у сваю моладзевую арганізацыю, “Next Stop New Life”. Карысьці зараз зь мяне там нямнога, часу не хапае. Стараюся хоць на дні нараджэньня туды трапляць, бо такіх цікавых людзей, як у “Стопе”, мала дзе знойдзеш!

Чацьвер

Есьць такі тэрмін у сучасным сьвеце – “інфармацыйная залежнасьць”, калі чалавек прывык быць “у тэме”, у цэнтры падзей. Я вось залежная, дакладна. Прыходжу на працу, чытаю навіны, праглядаю электронную газету “Штодзёньнік”, удзень за абедам – некалькі папяровых, дзяржаўных – збольшага нудота, але ж час ад часу нешта бывае і цікавае. Як накладаць макіяж, напрыклад... Гляджу Тут.бай, Мінск_бай, Навіны.бай, інфармагенцтвы...

А вось кніжак стала чытаць меней. Як дабяруся дадому, цягне на нешта лёгкае. Фантастыка, сучасныя раманы кшталту “Духless“. А то і часопіс глянцавы!!! Шчасьце яшчэ, што кампутара няма пакуль дома – ня сьмейцеся, гэта праз адсутнасьць кампутарнага стала! Не набыла яшчэ. Грошай не хапіла.

Напэўна, таму на мяне часам нападае комплекс – здаецца, што я нейкая неадукаваная, і вучыцца кінула, і наогул качуся ўніз. І самы вялікі сорам, што дыстанцыйныя курсы ЭГУ зноўку амаль заваліла... І жаданьне ёьсць, і энтузіазму хапае, а час прапушчу, і ўжо нагнаць не магу! Усё, абяцаю і клянуся. Зраблю.

Пятніца

Зьездзіла да мамы, вельмі гэтаму радая. Так добра, калі цябе пакормяць, па галаве пагладзяць, ды з сабою чаго дадуць, бо толькі ў свой бюджэт я часам ня ўпісваюся...

У мамы паглядзела навіны і разабралася нарэшце, што ж такое было ў Бельгіі. Адчуваньні дваістыя. Я, канечне, радая, што тая тэлевізія наогул можа сабе такое дазволіць. У нас, напэўна, ужо б кагосьці пасадзілі, ці хутчэй у гэтага “кагосьці” было б пяць інфарктаў і тры самагубствы. Але бельгійцам ці трэба рабіць такое? Журналісты ведаюць, што большасьць гледачоў радка “адмысловая імітацыя” не заўважае. Паказваюць – значыць, праўда! Краіну на вушы паставілі, скандал на ўвесь сьвет зрабілі – дзеля чаго? Калі была вялікая мэта і яе дасягнулі – добра. А калі не – дык гэта нібы з гарматы па вераб’ях.

Па дарозе да маці заехала да нашага фатографа Сашы Канатопа, каб зрабіў мне партрэтныя здымкі, бо я яго дакументы у амбасаду насіла. Еду, спазьняюся на 45 хвілінаў:

– Саша, за 15 хвілін пасьпеем?!

– Ну што ж, пасьпеем! Але ж, напэўна, цябе яшчэ й сфатаграфаваць трэба!

– Ого, Саша. Нейкая вялікая падзяка за адну візу!

– А, там віза, а не грамадзянства? Тады толькі здымкі, заходзь!

Тое, што мы пасьпелі, спадзяюся, вы бачыце на гэтай сторонцы.

Зь некаторых кампліментаў балдзею проста. Я раней нават зьбірала калекцыю. Ну напрыклад: “Воля, ты такая прыгожая! І наогул, каму патрэбныя гэтыя манекеншчыцы?!” Вось скажыце, радавацца тут ці засмучацца? Я радуюся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG