Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзеншчына: зарэгістраваныя кандыдаты рыхтуюць улёткі


Сяргей Астраўцоў, Горадня На Гарадзеншчыне некаторыя апазыцыйныя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў ужо замовілі агітацыйныя ўлёткі. Пакуль друкаванай прадукцыі няма, актыўная агітацыя не вядзецца.

У Горадні ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўдзельнічаць у выбарах будуць два чалавекі — кіраўнік гарадзкой арганізацыі Зьміцер Слуцкі і абласной — Юры Істомін. Абодва яны балятуюцца адначасова ў абласны і ў гарадзкі саветы.

(Істомін:) “А зараз у нас тэхнічны этап кампаніі, мы замовілі друкаваную прадукцыю. Мы таксама падрыхтавалі сьпісы нашых давераных асобаў, у гэтыя сьпісы увайшлі ўсе першыя кіраўнікі партыі: Лябедзька, Раманчук, Паўлаў, Зінаіда Бандарэнка, яны будуць прыяжджаць агітаваць за нас сюды ў Горадню”.

Кіраўнік смаргонскай арганізацыі партыі БНФ Алесь Дзергачоў зазначае, што яго зарэгістравалі толькі для ўдзелу ў раённых выбарах, але знайшлі ў некаторых падпісных лістах недакладна напісаныя лічбы або літары і не дазволілі яму ўдзельнічаць у выбарах у абласны савет.

(Дзергачоў:) “Чалавек паставіў свой подпіс за тое, каб зарэгістравалі канкрэтную асобу кандыдатам у дэпутаты, і калі пастаўлена “а” замест “і”, гэта не павінна ні на што ўплываць. Але ў нас такое заканадаўства, быццам спэцыяльна зробленае, каб адхіляць людзей па найменшых прычынах, не дапускаць іх да ўдзелу у выбарах. Мяне азнаёмілі з маімі падпіснымі лістамі. Тым ня менш, я абскардзіў гэтае рашэньне. Я лічу гэтыя прычэпкі ўсё ж фармальнымі”.

Агітацыйныя ўлёткі спадар Дзергачоў надрукаваць яшчэ не пасьпеў.

(Дзергачоў:) “Я рыхтую цяпер перадвыбарчую лістоўку, шукаю друкарню, дзе можна разьмясьціць заказ на друк. Мне шмат ня трэба, шэсьцьсот штук. Пачак паперы добрай каштуе адзінаццаць тысяч, мне літаральна адзін пачак патрэбны, каб забясьпечыць усіх выбаршчыкаў улёткамі. Хацелася зрабіць яшчэ нейкія каляндарыкі, але напэўна задорага будзе, наўрад ці гэта ўдасца”.

А як паводзяць сябе мясцовыя ўлады, што датычыць выбарчай кампаніі? —пацікавіўся я ў спадара Дзергачова.

(Дзергачоў:) “Да таго, як пачыналі зьбіраць подпісы, зьбіралі актыў — намесьнікаў па ідэалёгіі і давалі ўказаньне арыентавацца на тых кандыдатаў, якіх вылучае райвыканкам. Гэта значыцца, — вось менавіта гэта “нашыя”, вы павінны ўсё зрабіць, каб іх падтрымаць на выбарах. Але мы на гэта ніяк не рэагуем, бо атрымаецца дарэмная трата часу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG