Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзей гоняць з радзімы узброеныя канфлікты, перасьлед за іншадумства й галеча


Радыё Свабода Сёньня Міжнародны дзень мігранта. Паводле статыстыкі Генэральнай Асамблеі ААН, у сьвеце каля 200 мільёнаў вымушаных мігрантаў. У сярэднім 150 тысяч нелегалаў штогоду затрымліваюць у Беларусі — падчас спробы трапіць далей у Эўропу. Што вымушае людзей шукаць лепшай долі ў іншых краінах?

Лякальныя й міжнародныя канфлікты, перасьлед іншадумства, галеча й адсутнасьць працы — усё гэта вымушае людзей пачынаць жыцьцё з нуля. Аднак чакаюць няпрошаных гасьцей ня ўсюды. Беларускае міграцыйнае заканадаўства — у шэрагу найбольш жорсткіх да замежнікаў.

З болей як 800 іншаземцаў, якія маюць статус уцекачоў, толькі адзінкі атрымалі беларускае грамадзянства. Права хадайнічаць пра атрыманьне грамадзянства мае толькі той, хто адсутнічае ў Беларусі ня больш за тры месяцы кожныя сем гадоў. Гунэш, якая пакінула Ўзбэкістан пасьля трагічных падзеяў у Андыжане, пашчасьціла: ня маючы ў Беларусі афіцыйнага статусу, яна ўсё ж можа зарабляць на жыцьцё — этнічных узбэкаў забясьпечвае працай бізнэсовец, які даўно жыве ў Беларусі.

(Гунэш: ) “Ёсьць узбэкі, яны тут афіцыйна. Шмат у каго дазвол на жыхарства, нават маюць беларускае грамадзянства. Многія аб’ядноўваюцца ў арганізацыі, многія прыяжджаюць-ад’яжджаюць, возяць прадукцыю — бахчу, тытунь, бавоўну. Тут гэта ўсё афіцыйна. Наш буйны прадпрымальнік Папасан — афіцыйны пастаўшчык сюды тытуню, на яго працуюць нашыя людзі на фірмах, на кірмашах”.

Спроба ўратавацца ў замежжы ад міжэтнічных канфліктаў — асноўная прычына ўцёкаў. Дзьве ваенныя кампаніі ў Чачэніі выклікалі масавы сыход людзей з Паўночнага Каўказу. Аль-Каім кажа, што наўрад ці здолее вярнуцца зь Менску ў Грозны.

(Аль-Каім: ) “Апроч сацыяльных, ёсьць яшчэ іншыя матывы — палітычныя. Многія ніколі ня здолеюць жыць побач з тымі, хто забіваў мірных жыхароў Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя”.

Беларускія сілавікі штогод спыняюць каля 150 тысяч нелегальных мігрантаў. Аднак разьвярнуць такую колькасьць назад — задача пакуль што невырашальная, і бальшыня нелегалаў празь нейкі час зноў імкнецца праверыць беларускую мяжу на празрыстасьць, кажуць у Дэпартамэнце міграцыі МУС.

(Супрацоўніца МУС: ) “Калі мець на ўвазе той паток нелегалаў, які транзытам празь Беларусь праходзіць, натуральна, патрэбныя нарматыўныя акты, якія б вызначылі парадак вяртаньня гэтых грамадзянаў у іх уласныя краіны альбо ў дзяржавы, адкуль яны да нас прыехалі. Ня столькі працоўную нелегальную міграцыю рэгуляваць неабходна, колькі проста міграцыю. Перадусім, калі наша краіна выкарыстоўваецца як перапраўная база”.

Аднак ня толькі Беларусь прываблівае транзытных замежнікаў. Як кажуць у Дэпартамэнце міграцыі МУС, за апошнія тры гады істотна падвысілася колькасьць беларускіх грамадзянаў, якія шукаюць прытулку ў іншых краінах. Больш за 4 тысячы чалавек атрымалі статус уцекачоў за мяжой — у ЗША, Нямеччыне, Польшчы, Чэхіі, Украіне, Швэцыі. Прычыны — ад палітычных да эканамічных. Ганну з Жодзіна пагналі ў Эгіпет сямейныя праблемы.

(Ганна: ) “Сямейныя абставіны. Трэба было з Беларусі тэрмінова ўцякаць, бо ўзьніклі праблемы з бойфрэндам. А мама якраз напярэдадні была ў Эгіпце. Яна вельмі кантактны чалавек і хутка дамовілася зь людзьмі, з мэнэджарамі, каб мяне праглядзелі. І праз два тыдні я ўжо была на месцы. Дзякуй Богу, як арабы кажуць, усё наладзілася”.

Напярэдадні Міжнароднага дня мігранта праваахоўныя органы Беларусі правялі апэрацыю “Нелегал”. Да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі амаль 1500 чалавек. Супраць 36 пачалі крымінальныя справы. Дэпартавалі 133 замежнікаў, зь іх 27 — пад канвоем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG