Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма ў Менску набыць піратэхніку?


Радыё Свабода Набліжаюцца Калядныя і навагоднія сьвяты. Для большасьці людзей гэта ўлюбёныя сьвяты, а для супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, міліцыі, мэдыкаў-траўматолягаў і спэцыялістаў апёкавага цэнтра – гэта самы напружаны час. На сьвяты салюты і фаервэркі ладзяць ня толькі прафэсійныя піратэхнікі, але кожны ахвотны. Ці складана ў Менску набыць пэтарды, фаервэркі, іншую піратэхнічную прадукцыю?

Начальнік аддзелу арганізацыі гандлю Галоўнага упраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Тацяна Касьцюк патлумачыла, што забарона на рэалізацыю насельніцтву піратэхнічных вырабаў распаўсюджваецца як на арганізаваны гандаль, так і на індывідуальных прадпрымальнікаў. Продаж салютаў, фаервэркаў, пэтардаў забаронены. Ва Упраўленьні ўнутраных справаў створаныя мабільныя групы па вышуку нелегальных гандляроў піратэхнічнай прадукцыяй. Таму ў крамах і адкрыта на рынках піратэхніка не прадаецца. Толькі бэнгальскія агні і хлапушкі. Прадукцыя гэта ў асноўным польскай, расейскай і украінскай вытворчасьці. Гутару з прадаўцом рынку “Экспабэл”, які гандлюе хлапушкамі і бэнгальскімі агнямі.

(Карэспандэнтка: ) “У вас сэртыфікаваны тавар?”

(Прадавец: ) “Так, ёсьць сэртыфікаты і на хлапушкі, і на бэнгальскія агні”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы гарантуеце, што яны бясьпечныя, можна гэта ўсё ўжываць?“

(Прадавец: ) “У прынцыпе, гэтыя рэчы абсалютна бясьпечныя, але лепш іх выкарыстоўваць у руках дарослага чалавека. Тады будзе ўсё ў парадку”.

(Карэспандэнтка: ) “Тут забаронена прадаваць фаервэркі, пэтарды, салюты. Але ў прынцыпе, гэта можна купіць у Менску?”

(Прадавец: ) “У Менску магчыма. Але я вам не скажу, дзе дакладна. Тут, на рынку, я гэта не сустракаў”.

Але патэнцыйныя спажыўцы піратэхнічнай прадукцыі – падлеткі – ведаюць месцы, дзе і як усё гэта можна набыць. Гутару з 14-гадовым юнаком.

(Карэспандэнтка: ) “Ці складана ў Менску купіць пэтарды, салюты, “кацюшы”?

(Падлетак: ) “Не, не складана. Напрыклад, на буйных рынках – “Экспабэл”, “Ждановічы”, калі пахадзіць дзесьці 15 хвілін, чалавек 20 да цябе падыдуць і запытаюцца, ці патрэбны табе салюты, фаервэркі, пэтарды”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто імі гандлюе?”

(Падлетак: ) “Розныя людзі, пачынаючы ад падлеткаў, уключаючы нават бабулек, якія прадаюць семкі. Яны таксама гэтым займаюцца. Але ёсьць і людзі ва ўзросьце 30 – 40 гадоў”.

Праўда, да мяне на рынку “Экспабэл”, па якім я хадзіла гадзіны паўтары, ніхто з такой прапановай не падышоў. Але гандляры піратэхнікай ведаюць свой кантынгент, да каго варта зьвяртацца. Да таго ж, падлетак сказаў, што без праблем можа дастаць тэлефончык, па якім можна замовіць салюты-фаервэркі-пэтарды з дастаўкай дадому.

Начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі палкоўнік Аляксандар Найдэнка заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што міліцыя ведае месцы, дзе нелегальна гандлююць піратэхнікай, і кантралюе сытуацыю.

Днямі побач з “Экспабэлам” у жыхароў вёскі Варонічы, пасёлкаў Бараўляны і Валер’янава супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі цэлыя сховішчы піратэхнічных вырабаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG