Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На канфэрэнцыі ў Вільні абмяркоўваюцца праблемы Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня ў Вільні адбываецца двухдзённая канфэрэнцыя ў рамках праекту “Плятформа супрацоўніцтва грамадзянскай супольнасьці Беларусі”, на якой прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, экспэрты і прадстаўнікі эўрапейскіх інстытуцыяў абмяркоўваюць агульнанацыянальныя праблемы Беларусі і магчымасьці супрацоўніцтва для іх вырашэньня.

У канфэрэнцыі бяруць удзел экспэрты, палітычныя лідэры і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі, прадстаўленыя усе буйнейшыя палітычныя партыі. У ліку удзельнікаў канфэрэнцыі прадстаўнік Рады Эўропы Пламэн Нікалаў, кіраўніца інфармацыйнага цэнтру Рады Эўропы ў Вільні Марыя Пракопчык, лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, лідар АГП Аляксандр Лябедзька, экс-старшыня кіраваньня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Сёньня абмяркоўваліся сацыяльна-эканамічныя праблемы Беларусі, праблема энэргетычнай бясьпекі. Сябра палітрады Аб''яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі прадставіў агульнанацыянальныя праблемы Беларусі і магчымасьці супрацоўніцтва для іх вырашэньня.

(Дабраврольскі: ) “Самая галоўная праблема, якая абумоўлівае і яднае усе агульнанацыянальныя праблемы, – гэта несучасныя падыходы і жаданьне павярнуць час назад, каб захаваць сваю уладу. Менавіта гэты фэномэн спараджае шмат якія праблемы, якія ёсьць у Беларусі. Я не кажу, што ўсе праблемы толькі ад гэтага, але такі падыход перашкаджае вырашаць праблемы. Бо калі яны ёсьць, трэба знаходзіць магчымасьці супрацоўнічаць і аб''яднаць усе намаганьні грамадзтва для іх вырашэньня”.

Арганізатары плянавалі ўдзел у канфэрэнцыі старшыні Палітрады аб''яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, але з-за напружанага графіку працы ён ня мог прыехаць у Вільню. Сябра палітрады Віктар Карняенка адзначыў, што “цяпер Беларусі патрэбны ня проста лідэр, а пэрсаніфікаваная альтэрнатыва Лукашэнку”, і што “галоўнае цяпер ня нейкая адметная праграма, адрозная ад праграмы ўладаў, а менавіта альтэрнатыва ў вобразе лідэра”.

(Карняенка: ) “Не павінна быць праграмная альтэрнатыва, каб не ствараць канфлікт вобразаў Беларусь з Лукашэнкам і Беларусь бяз Лукашэнкі. І калі мы абіралі Аляксандра Мілінкевіча, для мяне гэты выбар азначаў альтэрнатыву ў поўным сэнсе гэтага слова. Не проста вобраз іншага чалавека, – але якраз альтэрнатыва ў вобразе”.

Кіраўніца міжпарлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” у Сойме Літвы Раса Юкнявічэне адзначыла, што цяжкасьці ў сумоўі – гэта натуральны працэс, і што дыскусіі беларускіх палітыкаў шмат у чым нагадваюць сытуацыю ў Літве часоў “Саюдзіса”, калі трэба было аб''ядноўвацца ў змаганьні супраць савецкай дыктатуры.

(Юкнявічэне: ) “Важна сустракацца дзеля сумоўя. Гэта ня так лёгка, я гэта разумею. Але дыскусіі між рознымі беларускімі палітыкамі, якія тут адбываюцца, маюць дэмакратычны дух, так што гэта добры знак. Мне было вельмі цікава даведацца, як прадстаўнікі розных партыяў зь Беларусі ставяцца да аб''яднаньня з Расеяй, але я атрымала адказ толькі часткова.

Выглядае так, што надыйшоў час сур''ёзнага выпрабаваньня беларускай нацыі. Варта было б паразважаць і пра тое, наколькі беларуская апазыцыя здолела б працаваць разам з рэжымам, калі рэжым прадэманстраваў бы жаданьне і гатовасьць супрацьстаяць спробам Расеі далучыць да сябе Беларусь і калі рэжым бы паспрабаваў павярнуцца да Эўропы, да Захаду”.

Абмяркоўвалася і тое, як найлепш супрацоўнічаць палітычным структурам і непалітычным сілам, грамадзянскай супольнасьці, як у часе выбараў, так і пасьля выбараў у Беларусі.

Лідэр кампаніі “За вольнае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў адзначаў нястачу кантактаў з міжнароднымі арганізацыямі. Старшыня Канфэрэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацыяў Рады Эўропы Анеліз Ошгэр сказала радыё Свабода, што цяпер пашырэньне кантактаў з беларускімі непалітычнымі арганізацыямі – адзін з прыярытэтаў.

(Ошгэр:) “Я цалкам згодная, што трэба пашыраць супрацоўніцтва беларускіх і міжнародных грамадзкіх арганізацыяў. Сёлета тройчы прадстаўнікі беларускіх грамадзкіх арганізацыяў прыязджалі ў Страсбур, сустракаліся з калегамі.

Зараз мы супрацоўнічаем з новай моладзевай арганізацыяй у Беларусі “АВС прадпрыймальніцтва”, і мы будзем пашыраць нашую супольную працу, – менавіта грамадзкія арганізацыі могуць зьмяніць сытуацыю ў Беларусі, таму што самы сэнс грамадзкіх арганізацыяў у тым, што яны могуць паказаць людзям: кожны можа уплываць на сытуацыю”.

*******

Канфэрэнцыя арганізаваная літоўскім фондам абароны грамадзянаў супольна з Радай Эўропы і Нацыянальным камітэтам аб''яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі.

Заўтра, у другі дзень працы канфэрэнцыі, адбудзецца круглы стол па тэме “Варыянты дзеяньняў дэмакратычных сілаў Беларусі ва ўмовах магчымага крызісу”, а таксама, з удзелам прадстаўніка Міністэрства замежных справаў Беларусі, будуць разглядацца праблемы міжнароднага аўтарытэту Беларусі, пэрспэктывы міжнароднага супрацоўніцтва і прапановы Эўрапейскага зьвязу для Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG