Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 300 дэмакратычных прадстаўнікоў зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты


Уладзімер Глод, Менск Гэткая лічба вынікае з папярэдняга падсумаваньня зьвестак пра рэгістрацыю. Падлік вядуць сёньня ў выбарчых штабах апазыцыйных партыяў і дэмакратычных грамадзкіх арганізацыяў.

Паводле папярэднік зьвестак, страты дэмсілаў, напрыклад, у Гомельскай вобласьці, склалі больш за палову вылучэнцаў, а вось на Меншчыне і ў сталіцы адсеялі прыкладна кожнага восьмага з дэмакратычных прэтэндэнтаў. Сярод іх – і намесьніца старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова.

(Гразнова: ) “Я здала 400 подпісаў, 300 зь якіх сабрала самастойна. Але камісія палічыла подпісы так, што быццам бы знайшла зашмат людзей, якія жывуць за межамі маёй выбарчай акругі. Далі мне вэрдыкт — усе сябры камісіі за гэты прысуд. Я ня тое што ня маю нейкіх ілюзіяў, але й не хачу марнаваць час. Буду рабіць іншыя справы. Можа, ад іх будзе большы плён”.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік гаворыць, што поўных зьвестак пра вынікі рэгістрацыі ў Цэнтравыбаркаме пакуль няма. Але ўжо вядома, што ня ўсе прэтэндэнты зарэгістраваныя.

(Лазавік: ) “Прыкладам, мы ведаем, што некаторыя працоўныя калектывы вылучалі кандыдатаў у тых акругах, на тэрыторыі якіх не знаходзяцца гэтыя прадпрыемствы. Вылучэнцамі некаторых партыйных арганізацыяў чамусьці сталі беспартыйныя. Ёсьць парушэньні пры зборы подпісаў — зьбіраліся подпісы за межамі выбарчай акругі. І ёсьць нават такі факт, што сярод кандыдатаў апынуўся не грамадзянін Беларусі ці Расеі, што дазваляе заканадаўства, а грамадзянін Украіны”.

Пасьведчаньне аб рэгістрацыі дазваляе афіцыйна пачынаць агітацыйную кампанію. Ужо сёньня ў Менску ды іншых буйных гарадах кандыдаты ў дэпутаты павезьлі ў выбаркамы свае здымкі для агульнага інфармацыйнага стэнду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG