Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Сёньня разгляд касацыйнай скаргі Зьмітра Дашкевіча


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Менскім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі на прысуд Зьмітра Дашкевіча. 1 лістапада лідэра “Маладога фронту” пакаралі зьняволеньнем на паўтара году за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў Шклоўскай папраўчай калёніі і на паседжаньні прысутнічаць ня будзе.

Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч пакуль знаходзіцца ў так званым карантыне Шклоўскай папраўчай калёніі. Яго перавялі туды з Менскага сьледчага ізалятара да ўступленьня прысуду ў законную сілу. Бацька Зьмітра Вячаслаў Дашкевіч прыехаў са Старых Дарогаў, каб прысутнічаць на абвяшчэньні рашэньня вышэйшай інстанцыі.

(Дашкевіч:) “Я мала на што разьлічваю, аднак, на суд зьбіраўся адразу пасьля першага суду. Так, шчыра кажучы, папросту хачу паглядзець судзьдзям у вочы… Хаця, нехта выйдзе, зачытае канчатковы прысуд, на тым усё й скончыцца. Я, вядома, спадзяюся ў душы, што павінны “скасьціць”. Тым больш, што я пісаў ліст на імя старшыні Менскага суду, выкладваючы сваю пазыцыю, але мне вярнулі мой ліст з такім адказам, што я не з’яўляюся ўдзельнікам гэтай крымінальнай справы і таму ніякага дачыненьня да яе ня маю”. Зьмітра Дашкевіча арыштавалі 15 верасьня пад час допыту ў пракуратуры. Актывісты “Маладога фронту” ды іншых моладзевых дэмакратычных арганізацый ад таго часу правялі шмат мерапрыемстваў у межах кампаніі: “Свабоду Дашкевічу!”. Сёньня каля будынку Менскага суду зьбяруцца актывісты моладзевага руху, грамадзкія дзеячы і палітыкі. Паплечніца Зьмітра Наста Палажанка паведаміла “Свабодзе”:

(Палажанка:) “”Малады фронт” вельмі спадзяецца на вынікі гэтага суду, але можна казаць, што наколькі б Дзіму не пакінулі ў турме месяцаў або дзён, “Малады фронт” усё роўна будзе змагацца ўвесь гэты час і працягваць акцыю за вызваленьне палітвязьня. Гэта будуць і флэш-мобы, і ланцугі, і акцыі Салідарнасьці, і расьцяжкі, ды партрэты. Мы будзем намагацца, каб як мага большая колькасьць людзей даведалася аб гэтай праблеме”.

Судзьдзі ў складзе трох чалавек пачнуць паседжаньне а 10 раніцы за зачыненымі дзьвярыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG