Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Культуру ўсталяваць за адну ноч немагчыма…”


Сяргей Астраўцоў, Горадня 15 сьнежня ўвечары ў Горадні ў грамадзкай арганізацыі “Трэці сэктар” адбылася дыскусія на тэму: якое месца у фармаваньні беларускага грамадзяніна павінна займаць нацыянальная сьвядомасьць?

Распачаў размову кіраўнік арганізацыі маладых навукоўцаў “ВІТ” Ігар Кузьмініч.

(Кузьмініч:) “Наколькі істотнае пытаньне мовы, наколькі істотнае пытаньне нацыянальнай сьвядомасьці для таго, каб удзельнічаць у тых палітычных працэсах, якія існуюць у Беларусі? Зараз фактычна ёсьць два погляды ў апазыцыі: неабходна спачатку атрымаць палітычную ўладу, а потым мы будзе будаваць дзяржаву такую, якую захочам і там вырашым: трэба нацыянальная самаідэнтыфікацыя ці ня трэба?”

Паводле спадара Кузьмініча, паўстае дылема: што першасна, а што другасна? Сфармаваць сацыяльную актыўнасьць у грамадзяніна ці спачатку трэба сфармаваць у яго нацыянальную сьвядомасьць?

Працягнуў размову прафэсар Алесь Астроўскі. Ён лічыць, што любая нацыянальная сьвядомасьць, калі яна без адхіленьняў, гэта заўсёды канструктыўны чыньнік, таму што ён дапамагае чалавеку арыентавацца і дзейнічаць у грамадзкай рэчаіснасьці.

(Астроўскі:) “Галоўнымі сувязямі, якія яднаюць грамадзтва ў натуральную сыстэму і захоўваюць пэрспэктыву існаваньня гэтай сыстэмы як цэласнай у часе, гэта сыстэма нацыянальных каштоўнасьцяў, да якіх належыць і мова, і культура, і агульная гісторыя, і агульны нацыянальны сьветагляд, і гэнафонд, і этнічная тэрыторыя, і самае галоўнае — мэты, якія ставіць перад сабой грамадзтва, скіраваныя ў будучыню”.

Грэка-каталіцкі сьвятар Андрэй Крот зазначыў: каталіцкі касьцёл сёньня гаворыць, што нацыянальныя каштоўнасьці, яны зьяўляюцца адначасова дадзенымі нам Богам, таму быць чалавекам бяз нацыі ёсьць грахом.

(Крот:) “Для мяне асабіста нацыянальныя каштоўнасьці ёсьць толькі знакам нейкай рэчаіснасьці. Беларуская мова ёсьць сёньня мовай пэўнага асяродку інтэлектуалаў, моваю грамадзка актыўных людзей, а ня ёсьць моваю бамжоў і прастытутак, напрыклад. І было б няправільна імкнуцца да таго, каб усе гаварылі па-беларуску ці шанавалі беларускую культуру проста дзеля таго, што яна ёсьць такая. Мусіць быць пэўнае напаўненьне каштоўнасьцяў, агульначалавечае маральнае напаўненьне. Для мяне беларуская мова, беларуская культура, беларуская гісторыя маюць сваю вартасьць, бо яны падымаюць чалавека вышэй, штурхаюць яго да мысьленьня, да жыцьця маральнага”.

Як падсумаваньне прагучала выснова, якую зрабіў пад час размовы паэт Юрась Пацюпа.

(Пацюпа:) “Калі будаваць дэмакратыю і будаваць культуру, супрацьпаставіць дэмакратыю і культуру. Дэмакратыю можна ўсталяваць за адну ноч, за адну ноч можна скінуць дыктатара, культуру за адну ноч ніхто ніколі не пабудаваў. Гэта куды большая каштоўнасьць, гэта як слой глебы, які лёгка збурыць, але нялёгка ўкласьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG