Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск абвінаваціў Маскву ў парушэньні двухбаковых дамоўленасьцяў


Валер Каліноўскі, Менск Увядзеньне экспартнага мыта на пастаўку расейскай нафты ў Беларусь можа выклікаць інфляцыйны выбух, мяркуюць менскія эканамісты. Сёлета Беларусь купляла расейскую нафту за 271 даляр за тону, дадатковае мыта на 180 даляраў выкліча рост цэн на бэнзін ды іншыя нафтапрадукты. Тым часам зьявілася першая афіцыйная рэакцыя Менску на гэты крок расейскага ўраду.

З заявай наконт увядзеньня Масквой мытаў на экспарт расейскай нафты ў Беларусь выступіў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “Мы мяркуем, што ўвядзеньне мытных пошлін сапраўды парушае шэраг дзейных пагадненьняў, якія вызначаюць рэжым вольнага гандлю без выключэньняў і абмежаваньняў паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй — у прыватнасьці, пратакол ад 6 студзеня 1995 году”.

Тым часам дзяржаўны тэлеканал ОНТ зазначыў з гэтай нагоды, што Расея парушыла рашэньні вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы й саюзную дамову — і што гэтыя дзеяньні Масквы могуць прывесьці да разбурэньня Мытнага саюзу.

Прэсавы сакратар кіраўніка беларускага ўраду Аляксандар Цімашэнка перакананы:

(Цімашэнка: ) “Перамовы будуць працягвацца”.

Аляксандар Цімашэнка паведаміў, што заўтра Сяргей Сідорскі разам з Аляксандрам Лукашэнкам маюць адбыць у Маскву на чарговае паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы.

(Цімашэнка: ) “Наколькі я ведаю, парадак дня паседжаньня Вышэйшага дзяржсавету зацьверджаны, там гэтых пытаньняў няма, а ці будуць яны абмяркоўвацца і ў якім фармаце, стане вядома заўтра. Акрамя таго, існуе пры савеце міністраў саюзнай дзяржавы камісія тарыфнага й нетарыфнага рэгуляваньня. Гэта таксама іх пытаньні”.

Аднак спадар Цімашэнка ня змог канкрэтызаваць, на якім узроўні будуць такія перамовы. Тым часам Аляксандар Лукашэнка сёньня меў сустрэцца з кіраўніком сакратарыяту ўкраінскага прэзыдэнта Віктарам Балогам. Апошні ў размове з Генадзем Нявыгласам заявіў пра намер Украіны актыўна разьвіваць усебаковае супрацоўніцтва зь Беларусьсю, у тым ліку ў энэргетычнай галіне. Аднак Лукашэнка сустрэчу з Балогай скасаваў, прычынай гэтаму — нечарговая нарада ў справе падрыхтоўкі да заўтрашняй сустрэчы ў Маскве.

Паводле незалежнага эканаміста Леаніда Заікі, беларускі бок у нафтавым пытаньні мае адзін аргумэнт — адзіная эканамічная прастора ў рамках Беларусі й Расеі:

(Заіка: ) “Таму тут можна было б дамаўляцца пра тое, што тая нафта, якая будзе выкарыстоўвацца ў Беларусі, ня будзе абкладацца гэтым мытам. Калі ж уся нафта, якая прыходзіць у Беларусь, будзе на 180 даляраў даражэйшая, то ў нас вырастуць кошты на бэнзін, пойдзе інфляцыйнай хваля”.

На думку спадара Заікі, беларускі бок можа нагадаць Расеі, што ў свой час беларусы таксама распрацоўвалі нафтавыя радовішчы Расеі, але ў цэлым ён ня лічыць пазыцыю беларускага боку ў гэтым пытаньні моцнай:

(Заіка: ) “Мы хітравалі, зараблялі беспрынцыпова й дастаткова цынічна на гэтай нафце, не аддаючы ў расейскі бюджэт хаця б частку мыта… Пры гэтым яшчэ выхваляліся сваімі эканамічнымі посьпехамі… Цяпер нас злавілі за руку”.

Нагадаем, што на гэтым тыдні расейскі ўрад абвясьціў пра скасаваньне льготнага падаткаабкладаньня экспарту нафты ў Беларусь. Ад 1 студзеня 2007 году экспарт расейскай нафты ў Беларусь будзе абкладзены гэткім жа мытам, як і для іншых краінаў, якія не ўваходзяць у Мытны саюз, — 180 даляраў за тону. Эканамісты падлічылі: фінансавыя страты Беларусі ад рашэньня расейскага ўраду складуць каля 2 мільярдаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG