Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біл Гейтс фінансаваў выпуск альбому беларускіх калыханак


Дзьмітры Падбярэскі, Менск Фанатэка беларускамоўнай музыкі папоўнілася за кошт унікальнага выданьня. У Менску прэзэнтаваны альбом арыгінальных калыханак, ініцыятарам запісу якога выступіў Зьміцер Вайцюшкевіч.

Праект некамэрцыйны, яго фінансаваў Фонд амэрыканскага мільярдэра Біла Гейтса. Дыск быў замоўлены прадстаўніцтвам дзіцячага фонду ААН ЮНІСЭФ у Беларусі ў рамках прапаганды ёдаванай солі. ЮНІСЭФ спачатку замовіла Зьмітру Вайцюшкевічу толькі адну калыханку, каб зьняць на гэтую песьню відэакліп. Аднак зь цягам часу, як гэта часта бывае, да адной песьні дадаліся наступныя, што й вылілася ў альбом з удзелам “WZ-Orkiestra”, Зьмітра Вайцюшкевіча, а таксама спэцыяльна запрошаных салістак — Ларысы Грыбалёвай, Тамары Лісіцкай і Ксені Мінчанкі.

Рэпэртуар альбому складаецца з арыгінальных калыханак, музыку да якіх напісаў сам Зьміцер Вайцюшкевіч. Вось што ён гаворыць пра работу над гэтай праграмай.

(Вайцюшкевіч: ) “Ёсьць шчасьце працаваць з найвыдатнейшымі паэтамі дня сёньняшняга. Гэта Ўладзімер Някляеў, гэта Рыгор Іванавіч Барадулін, гэта Леанід Дранько-Майсюк, гэта Алесь Камоцкі, Міхал Анемпадыстаў, які таксама напісаў калыханку, Віктар Швед зь Беласточчыны, 80-гадовы паэт. З майго боку, калі неяк ахарактарызаваць праграму, гэта такая рэвалюцыя ў калыханках, таму што калыханкі там вельмі розныя. Я сам маю сына, і для мяне гэта таксама своеасаблівае пасланьне да яго”.

Апрача калыханак з музыкай Вайцюшкевіча, гэты дыск з арыгінальным дызайнам утрымлівае трэкі ад Юр’я Выдронка, Аляксандра Памідорава і гурта “НЕО” — адзін ад кожнага, а таксама дадатковы дыск зь відэакліпам калыханкі “Сьпі, мая кветачка” і інфармацыяй пра дзіцячы фонд ААН ЮНІСЭФ.

Гэтага выданьня ў продажы ня будзе: дыск выдадзены выключна як падарунак. Зьміцер Вайцюшкевіч, аднак, ня лічыць гэта заганай.

(Вайцюшкевіч: ) “Тут пірацтва і капіяваньне заахвочваюцца. Можна будзе сьцягнуць усё гэта праз інтэрнэт”.

Адрас гэтых калыханак у сеціве вызначыцца днямі. Канцэрт-прэзэнтацыя дыску пройдзе 7 студзеня новага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG