Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Даніла Васілеўскі 17.12.1889, в. Новае Сяло (цяпер Бешанковіцкі раён) — 28.12.1963, Феадосія, Украіна


Уладзімер Арлоў, Менск Працуючы калісьці над сваёй кнігаю “Таямніцы полацкай гісторыі”, я прыйшоў да высновы, што жыхары беларускага Прыдзьвіньня маюць у сваім характары рысы, якія вылучаюць іх сярод іншых беларусаў. Напрыклад, большую схільнасьць да гумару, іроніі й самаіроніі, якія дзіўным чынам спалучаюцца ў іх з балцкай стрыманасьцю (каб пераканацца ў гэтым, перачытайце палачанаў Вінцэся Мудрова й Пятра Васючэнку). Палачанаў вылучае й пракаветная глыбокая вера ў дзівосы, што выдатна засьведчыў сваім “Шляхцічам Завальнем” Ян Баршчэўскі. (А пазьней, дарэчы, і расейскі пісьменьнік Аляксандар Грын –– насамрэч Грынеўскі —сын удзельніка паўстаньня 1863 году дзісенскага шляхціча Стэфана Грынеўскага.)

Такія назіраньні далі мне падставу ўвесьці паняцьце “полацкі мэнталітэт”, што вельмі спадабалася Рыгору Барадуліну, які адгукнуўся аднайменным вершам:

Ёсьць полацкі мэнталітэт — Ад Эўфрасіньні, ад Скарыны, Ад той абрынутай адрыны, Дзе сон шукаў Свой сонны сьлед...

Носьбітам гэтага мэнталітэту быў і выпускнік Полацкай настаўніцкай сэмінарыі, краязнаўца, гісторык і пэдагог Даніла Васілеўскі. У сэмінарскія гады сябра напалову легальнага гуртка “Вястун ведаў” (што знаходзіўся пад уплывам ідэяў народніцтва) і натхнёны зьбіральнік прыдзьвінскага фальклёру, пазьней ён стаў аўтарам краязнаўчых допісаў ў “Нашу Ніву”, а за савецкім часам зрабіў краязнаўства сваёй прафэсіяй.

Адна зь ягоных найцікавейшых працаў — дасьледаваньне “Лячэбніка” Ганны Шаранды (помніка “чарадзейнай літаратуры” канца ХVІІ — пачатку ХVІІІ ст.), які быў настольнай кнігаю полацкіх знахараў і знахарак. У 1930-я лёс людзей з такімі зацікаўленьнямі, як у Васілеўскага, звычайна складваўся трагічна. Ягоныя публікацыі пад назвамі кшталту “Краязнаўства ў школах як сродак камуністычнага выхаваньня”, былі прызнаныя толькі камуфляжам шкодніцкай дзейнасьці, і ў 1936-м дэкан геаграфічнага факультэту Магілеўскага пэдінстытуту Даніла Васілеўскі стаў вязьнем ГУЛАГу, “перакваліфікаваўшыся” ў варкуцінскага буравіка.

Сьледчыя ГПУ ня здолелі выбіць з Васілеўскага іроніі. Захаваліся зьвесткі, што ён, у прыватнасьці, прызнаўся ў намеры далучыць Беларусь да Індыі. Зрэшты, магчыма, якраз гэтае “чыстасардэчнае” прызнаньне і ўратавала яму жыцьцё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG