Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бацькаўшчыну” не пазбавяць памяшканьня?


Радыё Свабода Cёньня Гаспадарчы суд Менску адмовіў прадпрыемству “Менская спадчына” ў пазове аб скасаваньні дамовы арэнды зь Міжнародным грамадзянскім аб’яднаньнем “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.

На судовым паседжаньні зачыталі толькі выніковую частку рашэньня, кажа намесьніца старшыні Рады “Бацькаўшчыны” Ніна Шыдлоўская.

(Шыдлоўская: ) “Яно досыць ляканічнае, і на сёньняшні дзень, хутчэй, захоўвае статус-кво, як і было: то бок, адмоўлена ў пазове ўнітарнага прадпрыемства “Менская спадчына” й не прыняты да разгляду наш сустрэчны пазоў”.

Далейшыя дзеяньні “Бацькаўшчыны” будуць залежаць ад матывацыі, на падставе якой вынесьлі судовае рашэньне. Матывацыйнай часткі на судзе не зачытвалі, яе абодва бакі атрымаюць поштай.

Нагадаем, “Менская спадчына” лічыць, што дамова з “Бацькаўшчынай” павінна быць скасаваная, бо будынак па вуліцы Рэвалюцыйнай, 15, дзе разьмяшчалася міжнародная арганізацыя, пастаўлены на рэканструкцыю. Прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” сьцьвярджаюць, што для гэтага няма падставаў: аб’яднаньне пакінула памяшканьні на час правядзеньня рамонтных работаў і не перашкаджае рэканструкцыі будынку.

Да таго ж, ёсьць пастанова Савету Міністраў ад 1992 году аб судзеяньні “Бацькаўшчыне” згодна зь якой гэтае памяшканне грамадзкая арганізацыя атрымала ў арэнду тэрмінам на 25 гадоў.

Ці будзе “Менская спадчына” зьвяртацца ў суд з новым пазовам, высьветліць не ўдалося. Загадчыцы юрыдычнага адззелу “Менскай спадчыны” на працы не ўдалося застаць, шараговыя супрацоўнікі аддзелу не ўпаўнаважаныя даваць камэнтары.

“Бацькаўшчына” ж будзе ўважліва назіраць за юрыдычнымі нюансамі ў справе, бо скасаваньне дзейнай дамовы арэнды пазбавіць аб’яднаньне юрыдычнага адрасу. А гэта ў Беларусі можа прывесьці да ануляваньня юрыдычнай рэгістрацыі й да крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG