Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На дзяржаўныя СМІ ў бюджэце-2007 больш сродкаў, чым на культуру


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Палата прадстаўнікоў ухваліла ў другім чытаньні бюджэт Беларусі на наступны год. За яго прыняцьце прагаласавалі 103 дэпутаты, супраць — 1.

Пры характарыстыцы галоўнага фінансавага дакумэнту найчасьцей ужывалі эпітэт “сацыяльны”. Менавіта сацыяльную скіраванасьць бюджэту адзначалі як самую адметную й прывабную рысу. Але і сацыяльнасьць, як сьведчыць дэпутат Пётр Калугін, можна разумець па-рознаму. Прыкладам, цяперашняму генэральнаму дырэктару вытворчага аб’яднаньня “Беларускалій” паступіла заданьне — уладкаваць у наступным годзе яшчэ паўтысячы чалавек, гаворыць спадар Калугін.

(Калугін: ) “А калі я быў кіраўніком гэтага прадпрыемства, у мяне была адна мара — скараціць на траціну колькасьць супрацоўнікаў. Прычым, рабілася б гэта абсалютна бязбольна. Але ж рабіць гэтага нельга — інакш адбудзецца сацыяльны выбух”.

Беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў пагаджаецца з тым, што бюджэт на наступны год — сацыяльны. Але ён таксама лічыць, што сацыяльнасьць вызначаецца па-рознаму:

(Злотнікаў: ) “Бюджэт можна назваць перадусім сацыяльным тады, калі вытворчасьць валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва расьце. І расьце значна. І тут неабавязкова атрымліваць нейкія трансфэры зь бюджэту. Людзі маглі б зарабляць. Але зарабляць робіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Ня сяле, у малых гарадах гэтыя заробкі вельмі малыя — і ня ўсе імі забясьпечаныя.

Калі мы пабачым тыя пагрозы, што склаліся вакол нашай эканомікі, вакол нашых заробкаў, пэнсіяў, адлічэньняў у бюджэт, дык, з гэтага гледзішча, уся эканамічная палітыка, а ня толькі бюджэт, не спрыяюць уздыму жыцьця насельніцтва”.

У “Тлумачальнай запісцы наконт праекту бюджэту”, якую за подпісам міністра фінансаў Мікалая Корбута атрымаў кожны дэпутат, ёсьць цікавыя лічбы. Прыкладам, на ўтрыманьне праваахоўных органаў выдаткуюць 2 трыльёны рублёў, а на нацыянальную абарону — 1,1 трыльёна. Альбо яшчэ: выдаткі на культуру складаюць 124,5 мільярда, а на фінансаваньне дзяржаўных мэдыяў — 135 мільярдаў рублёў. Але ніхто зь сябраў Палаты пра гэта не казаў.

А эканаміст Леанід Злотнікаў разважае так:

(Злотнікаў: ) “Гэта адбітак інтарэсаў нашай дзяржавы. Гэта бюджэт, які адлюстроўвае інтарэсы кіраўніцтва беларускай краіны. Што тут яшчэ скажаш?”

Бюджэт на 2007 год складзены з дэфіцытам на 1 трыльён 410 мільярдаў рублёў. Згодна з разьлікамі, прыбытковую частку бюджэту ў наступным годзе запоўняць пераважна паступленьні ад падатку на даданую вартасьць (ПДВ). Гэта будзе 41% ад усёй прыбытковай часткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG