Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Веру, што Новая Беларусь прыйдзе з пакаленьнем Маладога фронту”


Радыё Свабода Павал Севярынец — удзельнік праграмы “У што я веру”.

Перадусім я веру ў Бога. Ва Ўсемагутнага Творцу і Збаўцу, Які даў нам нарадзіцца ў гэтай цудоўнай краіне ў самым цэнтры Эўропы, Які на крыжы ўзяў на Сябе грахі кожнага з нас і Які пакінуў нашаму народу знак Сваёй перамогі над злом — бел-чырвон-белую скрываўленую палатніну, сьцяг Хрыста.

Веру ў тое, што пад гэтым сьцягам беларусы, як нацыя, аднойчы пакаюцца ў сваіх грахах і абвесьцяць Беларусь зямлёй выкананьня Божых запаветаў. Вось чаму я веру ў дэмакратыю. Прычым ня проста ў дэмакратыю, а ў хрысьціянскую дэмакратыю — збудаваную на біблійных прынцыпах. Дэмакратыю маральнасьці, справядлівасьці і салідарнасьці, дзе рашэньні прымаюцца на тым узроўні, на якім яны больш эфектыўна выконваюцца, а кожная ўнікальная асоба, надзеленая найшырэйшымі правамі, натуральна ўспрымае сваю адказнасьць перад грамадзтвам, дзяржавай і Богам. Веру, што пры такой дэмакратыі хрысьціянам не давядзецца галадаваць, каб адстаяць свае правы перад уладай — бо ўлада будзе хрысьціянская.

Веру, што асновай Новай Беларусі зробіцца беларускі патрыятызм, моцныя сем’і, магутныя цэрквы, звышнасьць маралі й закону, нацыянальная культура і мова, разьвітае мясцовае самакіраваньне — і вядучай палітычнай сілай Беларусі неўзабаве зробіцца Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя.

Таксама я веру, што Новая Беларусь прыйдзе з нашым пакаленьнем — пакаленьнем Маладога фронту. Веру, што лідэры-маладафронтаўцы Дашкевіч, Фінькевіч, Шыла, Красоўскі, якіх зараз рэжым праз турмы, арышты, допыты і суды робіць нацыянальнымі героямі, усё вытрымаюць і дадуць прыклад усёй беларускай моладзі: ня бойцеся, верце, змагайцеся!

І — веру ў нацыянальнае абуджэньне. У тое, што беларусы нарэшце зірнуць у глыбіні сваёй тысячагадовай гісторыі й ўсьвядомяць сябе народам эўрапейскага сэрца, які трэцім у сьвеце надрукаваў Біблію на жывой народнай мове і даў сьвету Эўфрасіньню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Францішка Скарыну, Льва Сапегу, Адама Міцкевіча, Васіля Быкава.

Веру, што 10 мільёнаў беларусаў нарэшце прачнуцца, каб будаваць Новую Беларусь —краіну хрысьціянскай духовасьці і сусьветнай культуры, тэхналягічны й інфармацыйны цэнтар паміж Захадам і Расеяй, утульны дом і крыніцу магутных уплываў на суседзяў. Веру ў Беларусь, якая вядзе да духовага ўздыму зьнявераную Эўропу, і ў Беларусь, якая збаўляе ад зла Расею.

Урэшце, веру, як тое напісана ў Сьвятым Пісьме (Мацьвея 19:26) : “Чалавеку гэта немагчыма. Богу ж усё магчыма”.

Эсэ "У што я веру" Павал Севярынец напісаў у зьняволеньні: ад 15-га жніўня 2005-га году ён адбывае пакараньне на “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну. Сёлета абвінаваначанаму ў арганізацыі несанкцыянаваных вулічных акцый моладзеваму палітыку адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні: адмысловая атэстацыйная камісія пастанавіла, што Павал Севярынец так і “ня стаў на шлях выпраўленьня, пакаяньня й супрацоўніцтва з адміністрацыяй”. Лідэр Маладога фронту працуе стропальшчыкам на лесаўчастку і штодня атрымлівае па некалькі лістоў з розных куткоў Беларусі ды з-за мяжы — ад усіх, хто яго падтрымлівае і чакае на свабодзе.
XS
SM
MD
LG