Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Вячаслаў Шыдлоўскі 12.1.1913, в. Карзуны (цяпер Чэрвеньскі раён) — 23.8.1997, Менск. Пахаваны ў в. Карзуны


Уладзімер Арлоў, Менск Вельмі шкадую, што не пасьпеў асабіста пазнаёміцца зь ім, хоць мы ня раз бывалі на адных імпрэзах і мелі, нягледзячы на саракагадовую розьніцу ў веку, агульных сяброў. На шчасьце, знаёмства ў нейкім сэнсе здолела замяніць ягоная разважлівая мудрая кніга “Рысы майго пакаленьня” (Менск, 2001).

Пасьля Сьмілавіцкай сямігодкі Вячаслаў Шыдлоўскі паехаў паступаць у Віцебскі мастацкі тэхнікум, але не прайшоў па конкурсе як сын настаўніка, бо перавага пры залічэньні аддавалася дзецям рабочых і сялян. Мара стаць прафэсійным мастаком ня зьдзейсьнілася, але ён на ўсё жыцьцё захаваў глыбокія ўражаньні ад сустрэчы ў Віцебску з Юдалем Пэнам і ад наведаньня майстэрні гэтага славутага мастака –– настаўніка Марка Шагала.

У сярэдзіне 1930-х ён служыў у войску й вучыўся ў Маскоўскай артылерыйскай школе імя Красіна. Яго арыштавалі па даносе сябра юнацтва Язэпа Сяміжона, аб чым Шыдлоўскі даведаўся пры знаёмстве з сваёй справаю падчас рэабілітацыі ў 1988 годзе.

На судзе Вячаслаў і двое ягоных сяброў выслухалі абвінавачаньне ў тым, што ўваходзілі ў “нацдэмаўскую групу”, якая зьбірала й вывучала крамольную літаратуру, у тым ліку творы Максіма Багдановіча, двухтомнік якога ГПУ канфіскавала пры арышце. Трыбунал Беларускай вайсковай акругі пазбавіў Шыдлоўскага волі на чатыры гады, што для 1937-га выглядала прысудам нечакана мяккім. Аднак месца зьняволеньня — Калыма, лягер “Камандзіроўка Чэлюскін”, што месьціўся побач зь вядомай тады ўсёй краіне турмой Сэрпанцінкай,— былі сапраўдным пеклам.

Адзін з самых страшных разьдзелаў ува ўспамінах Шыдлоўскага — “Сель з трупаў”.

“Дажджы спыніліся раптоўна... У замытых забоях вачам адкрылася жудасная карціна. На паверхні зямлі ляжала мноства голых трупаў... Дзе-нідзе тырчэла рука, нага зь біркай або галава зь дзіркай ад кулі. Здавалася, што на нейкі момант, нібы ў стоп-кадры, спынілася д’ябальская кругаверць калымскай гісторыі. Хто былі гэтыя людзі?.. А недзе ў доўгім безнадзейным чаканьні жылі іх удовы, асірацелыя дзеці, бацькі. Тым зь іх, хто вельмі настойліва дамагаўся зьвестак пра лёс зьняволеных, афіцыйна адказвалі: “Осужден без права переписки”...

Вячаслаў Шыдлоўскі здолеў выжыць. Ён стаў вядомым геолягам, меў блізкае знаёмства са знакамітымі калегамі Гаўрылам і Радзімам Гарэцкімі, зь пісьменьнікамі Сяргеем Грахоўскім, Барысам Сачанкам, з прафэсарам Адамам Мальдзісам і сынам Антона Луцкевіча Лявонам... Ён ліставаўся з Зоськай Верас і расейскім пісьменьнікам, аўтарам знакамітых “лягерных” апавяданьняў і аповесьцяў Анатолем Жыгуліным.

Спадар Вячаслаў амаль фанатычна любіў кнігу, шануючы і песьцячы яе, як немаўлятка. Эксьлібрысы для яго бібліятэкі рабілі самыя славутыя беларускія графікі. А захапленьнем Шыдлоўскага было перапляценьне кнігаў. Менавіта ён у 1979-м зрабіў аправы для ўсяго першага нелегальнага накладу дасьледаваньня Міколы Ермаловіча “Па сьлядах аднаго міту”.

Ён верыў у незалежную Беларусь, і сваю кнігу, якая сталася прыкметнай спробаю гістарычнага дасьледваньня прычын і наступстваў таталітарнага рэжыму, адрасаваў найперш моладзі — “як папярэджаньне, засьцярога ад паўтарэньня ідэалягічна-палітычнага апакаліпсысу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG