Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Макдональдс адзначае 10-годдзе


Альгерд Невяроўскі, Менск У Беларусі гэтымі днямі адзначаюць 10-я ўгодкі адкрыцьця першай рэстарацыі Макдоналдс. З гэтай нагоды ў Менску прайшоў дзіцячы міжнародны хакейны турнір “Кубак Макдоналдса”. У Беларусі дзейнічае пяць рэстаранаў Макдоналдс – усе яны ў Менску. Цягам 10 гадоў менскую сетку рэстарацыяў Макдоналдс наведала больш за 70 мільёнаў чалавек.

Першая менская рэстарацыя хуткага харчаваньня Макдонлдс адкрылася 10 сьнежня 1996 году. Вялікія натоўпы людзей стаялі тады каля ўваходу ў Макдоналдз, што і цяпер месьціцца побач са станцыяй мэтро “Кастрычніцкая”. Многім хацелася першымі пабываць у гэтай амэрыканскай рэстарацыі, а калі ўдасца, то і атрымаць бясплатны гамбургер з Кока-колай. Адным з такіх “шчасьліўцаў” быў жыхар Менску Дзьмітрый. Вось, што ён апавядае:

(Дзьмітрый: ) “У той вечар я гуляў па горадзе. На праспэкце сабраўся вялікі натоўп. Я падышоў і зразумеў, што ўсе імкнуцца прайсьці праз галоўны ўваход. А побач стаялі стойкі асьвятленьня і пад чырвоную стужку ніхто не лез. Хаця паміж стойкамі можна было лёгка прайсьці. Я пралез пад стужку, спакойна бокам, між міліцыянтаў зайшоў у Макдоналдс. Там са мной павіталіся, прапанавалі бясплатны гамбургер. Я яго зьеў і выйшаў. Потым вырашыў яшчэ раз зайсьці такім жа чынам. Але бясплатнага гамбургеру ўжо не атрымаў. Тады я папрасіў Кока-колу і мне яе бясплатна налілі”.

У той вечар Дзьмітрый правёў у рэстарацыю і некалькіх сваіх сяброў. Але сам ён не ў вялікім захапленьні ад такой ежы. Ходзіць у Макдоналдс толькі са сваімі дзецьмі. А вось што думаюць пра сыстэму хуткага харчаваньня людзі на менскіх вуліцах:

(Хлопец: ) “ Не, я не спажываю такой ежы, бо лічу яе некарыснай для здароўя”.

(Спадарыня: ) “ Я да ўсіх такіх кропак харчаваньня стаўлюся адмоўна. Я не карыстаюся ніякімі кропкамі харчаваньня ў горадзе наагул”.

(Дзяўчына: ) “ Я – за здаровае харчаваньне”.

(Дзяўчына: ) “ Мне не вельмі падабаецца “фастфуд”. Лічу, што гэта не вельмі добра для страўніка”.

(Спадарыня: ) “ Гэта шкодна для здароўя”.

Аднак ніводзін з пяці менскіх Макдоналдсаў не пустуе. Мэнэджэр па сувязях з грамадзкасьцю карпарацыі Уладыслаў Рыжыкаў гаворыць, што за 10 гадоў іх менскія рэстарацыі наведала больш за 70 мільёнаў чалавек. Цягам году кожную з рэстарацыяў наведвае больш за 1 мільён 700 тысячаў чалавек.

Кіраўніцтва беларускага Макдоналдса спадзяецца, што ў наступным годзе будзе раскансэрваваная шостая менская рэстарацыя каля чыгуначнага вакзалу. У іншых гарадах Беларусі адкрываць свае рэстарацыі Макдоналдс не зьбіраецца, а заяўляе, што будзе падвышаць узровень працы менскіх.

Дзесяць гадоў таму кіраўніцтва карпарацыі абяцала, што з цягам часу ўсе прадукты будуць набывацца ў беларускіх вытворцаў. Але гэтага не сталася і дагэтуль. Гаворыць Уладыслаў Рыжыкаў:

(Рыжыкаў: ) “65% гэта пастаўкі з Беларусі, альбо Расеі. Мы для сваіх пастаўнікоў высоўваем вельмі высокія патрабаваньні да якасьці прадукцыі. Для таго, каб быць пастаўніком Макдоналдс, патрэбныя адмысловыя інвэстыцыі, ствараюцца адмысловыя прадпрыемствы. І на гэты момант 5 рэстарацыяў Макдоналдс у Беларусі, гэтага недастатковы аб’ём, гэта эканамічна не выгадна -- ствараць прадпрыемства для пяці рэстарацыяў”.

Дзясяцігадовы юбілей карпарацыі ў Беларусі быў адзначаны правядзеньнем міжнароднага дзіцячага хакейнага турніру, у якім перамагла каманда з Расеі СКА Санкт-Пецярбург, і раздачай цягам месяца шакалядак наведнікам, якія набываюць комплексныя абеды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG