Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці шкадуюць беларусы аб распадзе СССР?


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня спаўняецца пятнаццаць гадоў з часу падпісаньня кіраўнікамі Беларусі, Украіны й Расеі белавескіх пагадненьняў. Ці шкадуюць людзі аб распадзе Савецкага Саюзу, і калі так, то чаму? Пра гэта людзей на менскіх вуліцах распытваў наш карэспандэнт.

(Пэнсіянэр: ) “Шкадую. Раней мне жылося лепей. Раней быў маладзейшы, і ўспрымалася ўсё лягчэй. Перасоўвацца па тэрыторыі Саюзу можна было вольна, была раўнамерная аплата, за гэтым сачылі. А цяпер я пэнсіянэр, жыву сьціпла”.

(Спадар: ) “Не шкадую. Я з жахам згадваю той час, да 1991 году. А потым стала бядней, але свабадней. Для мяне гэта важна”.

(Спадар: ) “Шкадую. Няма той краіны, у якой нарадзіўся, якую паважаў увесь сьвет. А цяпер пра заўтрашні дзень ня ведаеш, што й думаць. Як сябе паводзяць Эўропа і Расея?”

(Спадар: ) “Шкада, што няма той дзяржавы. Мы за гэты час згубілі вельмі шмат”.

(Спадарыня: ) “Не шкадую. Гэта ніяк не адбілася на маім жыцьці. На маіх дачыненьнях з блізкімі, якія жывуць у Расеі. Я магу вольна іх наведаць, ніякіх перашкодаў не існуе. Што адбылося, тое адбылося. Мне не зразумелыя гэтыя кіданьні з боку ў бок. Давайце жыць асобна”.

(Карэспандэнт: ) “Ці шкадуеце аб распадзе Савецкага Саюзу?”

(Спадарыня: ) “Шкадую. Я адэсітка, жыву ў Беларусі. Хацелася б, каб гэта была адна краіна”.

(Спадар: ) “Распад вялікіх імпэрыяў — заканамернасьць. І спроба збудаваць імпэрыю на костках, як быў пабудаваны Савецкі Саюз, яна ў любым выпадку прывяла б ня проста да распаду, а прывяла б да жорсткага развалу з братазабойчай вайной. Гэтага ўдалося пазьбегнуць. Гэта быў неабходны ход. Гэтыя пятнаццаць гадоў можна было б адсьвяткаваць. Беларусь ня зьнікла, а выжыла й стала самастойнай краінай”.

(Хлопец: ) “Не шкадую. Беларуская зямля гістарычна не была зьвязаная з Расеяй. Увесь час ваявалі. Беларусь бліжэй да Захаду, чым да краінаў СССР”.

(Дзяўчына: ) “Беларусь у Савецкім Саюзе была 70—80 гадоў, а ў Вялікім Княстве нашмат больш часу”.

(Спадар: ) “Не, бо нешта падобнае на тым гістарычным этапе павінна было здарыцца. У грамадзтве было прадчуваньне каляпсу. Добра, што гэта ўвогуле адбылося”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG