Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Віктар Стахоўскі (1928—1978)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Жыцьцё Пастаўскай пэдвучэльні ў першыя паваенныя гады нельга было ўявіць бязь Віктара Стахоўскага — юнака для свайго ўзросту надзвычай разьвітага й адукаванага, і, апрача таго,— здатнага мастака й паэта з чулай і шчырай беларускай душой. Гэтая душа, што не магла мірыцца з тупой савеччынай, са здзекам з ўсяго беларускага і найперш — з мовы, якую ў вучэльні ператварылі ў падчарку, прывяла Віктара ў нелегальны Саюз беларускіх патрыётаў (СБП), якія бачылі будучую Беларусь незалежнай дзяржавай пад бел-чырвона-белым сьцягам і Пагоняй.

У 1947-м мары сьветлых і рамантычных юнакоў і дзяўчат савецкі суд ацаніў рознымі тэрмінамі зьняволеньня ў канцлягерах. Віктар атрымаў дзесяць гадоў, але захварэў на цяжкую форму энцэфаліту і выйшаў на волю раней тэрміну. Ён ня меў магчымасьці зарабляць на хлеб фізычнай працаю і спачатку жыў у страшнай нястачы, атрымліваючы раз-пораз маленькія паштовыя пераводы ад сяброў зь лягераў, дзе тады вязьням пачалі плаціць сякія-такія грошы.

Ён вырашыў пасяліцца ў Паставах: лічыў, што там яго добра ведаюць і ён ня будзе баяцца глядзець людзям у вочы, бо хацеў для іх толькі добрага. Былыя сябры СБП заўсёды заставаліся ў полі зроку “кампэтэнтных ворганаў”, што часта перакрывалі сваім “падапечным” шлях да ўплывовых у грамадзтве прафэсіяў. Аднак Стахоўскаму, дзякуючы ягоным здольнасьцям і ўпартасьці, удалося завочна скончыць Маскоўскі інстытут культуры й займацца ўлюбёнай справай. Нейкі час ён працаваў дырэктарам Дому культуры, а потым рэжысэрам Пастаўскага народнага тэатру, дзе сам афармляў спэктаклі і часта выходзіў на сцэну як актор.

Мясцовае кіраўніцтва цаніла яго як мастака й часта даручала афармленьне гораду. Ніхто не пярэчыў і ягонай ідэі стварыць у Паставах краязнаўчы музэй. Вось толькі калі асноўная праца ўжо была зробленая, пачалося афармленьне экспазыцыі й паўстала пытаньне пра дырэктара, у начальніцкіх кабінэтах раптам згадалі, што Стахоўскі — ня проста беспартыйны, а яшчэ й нацыяналіст і былы палітычны вязень. Дырэктарам прызначылі іншага.

Душэўная траўма канчаткова пазбавіла Віктара і без таго моцна падарваных у ГУЛАГу жыцьцёвых сілаў. Ён пакінуў гэты сьвет у год, калі яму мелася споўніцца пяцьдзесят. “Ня зьдзейсьніў і сотай долі таго, на што быў здатны”,— з скрухаю напісаў у сваіх успамінах ягоны сябар і паплечнік па СПБ Антон Фурс.
XS
SM
MD
LG