Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе "пахрысьцілі" кнігу Барадуліна


Алена Ціхановіч, Прага Сёньня ў цэнтры Прагі, у Тынскай літаратурнай кавярні адбылася прэзэнтацыя першага выданьня выбраных твораў Рыгора Барадуліна па-чэску. Кніга выйшла ў сьвет пад патранатам Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі і яе філіі – Славянскай бібліятэкі.

Адсьвяткаваць нараджэньне чэска-беларускай кнігі, якая называецца "Жыць", прыйшло на дзіва шмат людзей. У кавярні ў гэты момант адкрытыя ўсе вокны, гучаць песьні на вершы Рыгора Барадуліна, відаць, вядомыя нашым слухачам "Зорка босая йшла па зямлі" і "Трэба дома бываць часьцей". Гэтыя песьні сьпявае беларускі бард Максім Шчур. Прачытаць вершы на беларускай мове Нацыянальная бібліятэка папрасіла нашага калегу Юрыя Бушлякова.

Як адзначыў кіраўнік Славянскай бібліятэкі Лукаш Бабка, выданьне такой кнігі — выключэньне ў выдавецкіх плянах бібліятэкі. Гэтае выданьне было прысьвечанае вылучэньню Рыгора Барадуліна на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі.

Перакладчыца Францішка Сокалава ўключыла ў кнігу ня толькі лепшыя вершы Барадуліна, але і ўрыўкі зь ягоных паэмаў. Публіка адзначыла, наколькі складанай і адважнай была місія перакладчыцы — ўзяцца за пераклад такога востраслова, выдумшчыка і слоўнага эквілібрыста, як Барадулін.

Дарэчы, сярод слупоў беларускай паэзіі Францішка Сокалава вылучае тры "вялікія Б" - гэта Багушэвіч, Багдановіч і Барадулін. І наблізіць да сваіх землякоў-чэхаў яна вырашыла менавіта сучасьніка Барадуліна.

Францішка Сокалава таксама адзначыла, што беларуская літаратура сярод эўрапэйскіх літаратур не зьяўляецца папялушкай і чэхі яе мусяць ведаць.

Сярод перакладзеных вершаў — і шэдэўр беларускай паэзіі, поўны алітэрацый верш "Лілею млявы плёс люляе".

У знак свайго паклону беларусы Прагі адарылі перакладчыцу кветкамі, у тым ліку букетам зь вялікай белай каралеўскай лілеяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG