Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшава: А.Квасьнеўскі заклікае спыніць ізаляцыю Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі заклікаў у Варшаве спыніць палітыку ізаляцыі Беларусі, якая, паводле ягоных словаў, не прынесла вынікаў.

У часе канфэрэнцыі ў справах палітыкі суседзтва Эўразьвязу, якую наладзіла фундацыя Аляксандра Квасьнеўскага "Сябры Эўропы", былы прэзыдэнт адзначыў, што ў Беларусі "як парушаліся так і надалей парушаюцца правы чалавека, і няма шансаў на хуткую дэмакратызацыю краіны".

"Калі мы размаўляем з Іранам, Паўночнай Карэяй, Кубай, дык чаму не размаўляць зь Беларусьсю?” — заявіў спадар Квасьнеўскі.

Паводле ягоных словаў, з увагі на палітыку Крамля ў дачыненьні да Менску, наступныя некалькі месяцаў будуць вырашальнымі для будучыні дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. У часе, калі пляны беларуска-райсекай інтэграцыі толькі засталіся плянамі, Масква пачынае ціснуць на Беларусь, падвышаючы цэны на газ, а гэта значыць, што афіцыйны Менск можа стаць прыхільным да дыялёгу з Захадам.

"Краіны, якія займаюцца ўсходняй палітыкай – Нямеччына, Польшча, Літва і Украіна – павінны выступіць з сумеснай ініцыятывай адносна Беларусі, бяручы пад увагу, што ад студзеня наступнага году кіраваць Эўразьвязам будзе Нямеччына”, – заявіў Аляксандар Квасьнеўскі.

Паводле аглядальнікаў некаторых польскіх газэтаў, у Бэрліне цэняць ролю, якую адыграў былы польскі прэзыдэнт у часе аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне і таму могуць прыслухацца да ягоных словаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG