Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уга Чавэс пераабраны прэзыдэнтам Вэнэсуэлы


Ганна Соўсь, Прага Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс пераабраны на шасьцігадовы тэрмін. За яго прагаласаваў больш за 61 працэнт выбарнікаў. Асноўны супернік Чавэса Мануэль Расалес набраў каля 39 працэнтаў галасоў. Пасьля абвяшчэньня перамогі Уга Чавэс паабяцаў Вэнэсуэле “новую эпоху” сацыялізму 21 стагодзьдзя.

Вось што заявіў прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс па абвяшчэньні вынікаў выбараў:

(Чавэс: ) “Цяпер я магу пацьвердзіць, што ўсё адбылося, вялікая перамога нашай рэвалюцыі адбылася – яшчэ адна вялікая перамога. Я аддаю сябе народу”.

Уга Чавэс гэтаксама заявіў, што ягоная перамога азначае паразу прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Зацяты крытык Злучаных Штатаў, прэзыдэнт Вэнэсуэлы на нядаўняй сэсіі Генэральнай асамблеі ААН назваў прэзыдэнта ЗША "тыранам і д’яблам".

Яшчэ ў 2002 годзе Уга Чавэс заявіў, што будзе кіраваць Вэнэсуэлай да 2021 году. Цяпер прэзыдэнту Вэнэсуэлы 52 гады. Чавэс – індзеец з прымесьсю мурынскай крыві. Ён скончыў ваенную акадэмію з дыплёмам інжынэра. Упершыню пра Чавэса стала вядома 14 гадоў таму, калі ў 1992 годзе ён двойчы спрабаваў ажыцьцявіць ваенны пераварот супраць прэзыдэнта Карласа Андрэа Пэрэса. Абедзьве спробы былі няўдалыя. Чавэс правёў два гады ў турме, адкуль здолеў перадаць зварот да народу Вэнэсуэлы, і пазьней, пасьля масавых вулічных выступаў у ягоную падтрымку, быў амніставаны.

У 1998 годзе Уга Чавэс перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах, атрымаўшы 56 працэнтаў галасоў выбарнікаў. У сваёй выбарчай кампаніі ён выкарыстоўвае лёзунгі барацьбы з карупцыяй і галечай. У 1999 годзе праз рэфэрэндум мяняе канстытуцыю, і ўжо паводле яе ў 2000 годзе абіраецца прэзыдэнтам на шасьцігадовы тэрмін.

У 2002 на кароткі тэрмін губляе ўладу ў выніку дзяржаўнага перавароту, аднак ізноў вяртаецца ва ўладу ў выніку вулічных акцый і пры вялікай падтрымцы насельніцтва. У 2003 годзе праціўнікі Чавэса, многія зь якіх спачатку падтрымлівалі яго, зьбіраюць подпісы за ягоную адстаўку, ў выніку Чавэс пагаджаецца на рэфэрэндум, на якім ставіцца пытаньне аб ягонай адстаўцы, і ў 2004 годзе перамагае на ім, атрымаўшы ў сваю падтрымку каля 60 галасоў выбарнікаў. Міжнародныя назіральнікі пацьвердзілі перамогу Чавэса, нягледзячы на пратэсты апазыцыі.

У 2005 годзе апазыцыйныя партыі байкатуюць парлямэнцкія выбары, і прыхільнікі Чавэса займаюць усе месцы ў парлямэнце.

Сёлетняя выбарчая кампанія Чавэса была вельмі эмацыйнай. Выступаючы на мітынгах, ён танчыў, сьпяваў, чытаў вершы, і ў выніку зьбіраў вялікія натоўпы. Назіральнікі параўноўвалі Чавэса з рок-зоркай.

За выбарамі сачылі замежныя назіральнікі, ў тым ліку з Эўразьвязу і Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаваў, аднак апанэнты Чавэса сьцьвярджаюць, што ён запрасіў з-за мяжы так бы мовіць, сваіх уласных назіральнікаў, і нават аплаціў ім транспартныя выдаткі.

Чавэса актыўна падтрымлівае найбяднейшае насельніцтва Вэнэсуэлы, а гэта палова жыхароў краіны. Чавэс заваяваў падтрымку беднаты, выкарыстоўваючы прыбыткі ад продажу нафты для сацыяльных праграмаў. Вэнэсуэла зьяўляецца пятым у сьвеце экспарцёрам нафты.

Пакуль у Вэнэсуэле дзейнічаюць прыватныя тэлеканалы і апазыцыйная прэса, аднак апанэнты Чавэса асьцерагаюцца, што па часе прэзыдэнт прыбярэ іх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG