Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М. Астрэйка: “Веру, іншыя вязьні таксама будуць на свабодзе


Ганна Соўсь, Прага На гэтым тыдні слухачы "Свабоды" адказвалі на пытаньне “Ў што я веру”. Гэтаксама пра сваю веру і перакананьні гаварылі суразмоўцы начной і ранішняй “Свабоды”.

Каталіцкі сьвятар айцец Аляксандар Шэмет, які разам зь вернікамі ад учорашняга дня праз галадоўку пратэсту дамагаецца, каб гарадзкія ўлады дазволілі пабудаваць касьцёл, гэтак кажа пра сваю веру:

(Шэмет: ) "Веру, што прыйдзе час, калі тут, на тэрыторыі Беларусі, людзі ўздыхнуць вельмі шырока ўсім сэрцам і душой, ведаючы, што няма таго, што было раней, што ўсё імкнецца да лепшага, няма той несправядлівасьці, якая ў дадзеным выпадку датычыць ня толькі людзей веруючых, але і тых, якія маюць іншыя погляды. Я веру ў тое, што той час прыйдзе".

Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Мікола Астрэйка, нядаўна вызвалены са Шклоўскай калёніі, адказваючы ў ранішнім эфіры "Свабоды" на пытаньне пра веру, згадаў пра ўсіх беларускіх палітвязьняў:

(Астрэйка: ) "Насамрэч для мяне апошні месяц – гэта час пераасэнсаваньня каштоўнасьцяў, нават самых галоўных для мяне. Аднак улічваючы тое, што я так нечакана апынуўся на волі, хачу сказаць, што я веру ў тое, што ўжо ў найбліжэйшы час іншыя зьняволеныя – мой сябра Цімафей Дранчук, Аляксандар Казулін, Зьміцер Дашкевіч ды іншыя – таксама апынуцца на волі, таксама будуць разам з намі. У гэта цяпер я веру, і я хацеў бы, каб гэта адбылося". А зараз зьвярну вашу ўвагу на лісты слухачоў.

Эдуард Зяновіч зь Ліды піша, што ён верыць “ў Бога адзінага, усемагутнага і справядлівага, у лепшую будучыню народу, які жыве ў цэнтры Эўропы, атрымлівае заробак і пэнсіі беларускія пры эўрапейскіх цэнах”.

Алег Сьмяшкоў з Магілёва ў лісьце на "Свабоду" адзначае, што “ня мае 100% веры, ды ў сябе таксама. Але вось вера ў час ёсьць, як, прыкладам, у гадзіньніку: малое кола крыху пхне вялікае, і яно ўрэшце апынецца ў першапачатковым стане, пхнуўшы нешта ў сваю чаргу”.

А слухач “Свабоды” спадар Яношка гэтак акрэсьлівае сваю веру. “Вера мая і надзея – яна ў тым, што ўрэшце чалавецтва адмовіцца ад збройнай барацьбы, як ад зьвярынага перажытку ў сьвядомасьці чалавека, што ўрэшце прызнае Госпада нашага Ісуса Хрыста адзінаверным, што закон Божы будзе выкладацца ўва ўсіх агульнаадукацыйных школах, што запаветы Гасподнія будуць падмуркам духоўнага жыцьця кожнага чалавека. І тады зьнікнуць і вялікія, і сярэднія, і малыя войны, і сямейныя войны. І тады можна будзе казаць і верыць, што прыйшло, паўстала агульнае Царства Божае на зямлі”, – піша слухач “Свабоды” спадар Яношка.

На гэтым тыдні госьцем “Начной Свабоды” быў прадпрымальнік з Салігорску Іван Шыла, бацька двух сыноў – актывістаў “Маладога фронту”. Вось як ён адказаў Аляксею Знаткевічу на пытаньне пра веру:

(Шыла: ) "Я веру ў маладосьць і Беларусь, маючы на ўвазе новае пакаленьне, маіх сыноў".

(Знаткевіч: ) "Вы верыце, што вашым сынам будзе лепей жыць, чым жылося вам?"

(Шыла: ) "Я ня буду разглядаць матэрыяльны аспэкт. Я веру ў тое, што яны будуць жыць у нармальнай краіне".

А літаратар Уладзімер Сьцяпан у гутарцы зь вядучай "Ранішняй Свабоды" Аленай Радкевіч зазначыў, што ягоная 11-гадовая дачка верыць у калядныя цуды:

(Сьцяпан: ) "Мне здаецца, што чалавек верыць у цуды да апошняга моманту свайго жыцьця".

(Радкевіч: ) "І вы верыце ў цуды?"

(Сьцяпан: ) "Вядома, веру. Ступень веры розьніцца, а так чалавек працягвае верыць да апошняга моманту жыцьця, што здарыцца цуд і што ён застанецца жывы, што ня сыдзе з гэтага сьвету, што зь ягонымі дзецьмі ўсё будзе добра. Вядома, чалавек верыць у цуды. Калі б ён ня верыў у цуды, тады б я ня ведаю, што б зь ім адбывалася".

(Радкевіч: ) "Скажыце, а ў што б вы хацелі, каб ваша дачка паверыла, апроч цудаў?"

(Сьцяпан: ) "Мне здаецца, што яна павінна паверыць, што ўсё ў яе атрымаецца і што мы, бацькі, яе вельмі любім і ёй дапаможам. Калі яна паверыць, у яе атрымаецца ўсё тое, што яна хоча зрабіць".

(Радкевіч: ) "А вера, што ўсё атрымаецца, і вас падтрымлівае ў жыцьці?"

(Сьцяпан: ) "Вядома. Усё і атрымаецца. Трэба верыць, што ўсё будзе добра, і тады яно неяк і складзецца".

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, у што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
XS
SM
MD
LG