Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыўся сход бацькоў “каліноўцаў”


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску адбыўся сход бацькоў беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў Польшчы па праграме Кастуся Каліноўскага. Мерапрыемства праходзіла ў будынку польскага дыпляматычнага прадстаўніцтва. У ім брала ўдзел каля паўтары сотні чалавек.

Ініцыяваў сход камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”. Старшыня камітэту Іна Кулей:

(Кулей: ) “Галоўная мэта бацькоўскага сходу – пазнаёміць паміж сабою вось гэтую супольнасьць бацькоў. Каб гэта былі людзі, якія разумеюць і праблемы адзін аднаго, і пляны адзін аднаго. Іх дзеці-студэнты – гэта актыўная моладзь, якая праявіла сябе падчас Плошчы і была вымушаная зьехаць з краіны на некаторы час. Ня ўсе з бацькоў у той час, калі моладзь была на плошчы, разумелі, чаму яны там. Але працэдуры выкіданьня, ціск рэпрэсіямі зрабіў іх таксама загартаванымі. І мы адчулі, каб яны таксама склалі супольнасьць бацькоў, якія гатовыя бараніць ня толькі дзяцей, але і краіну”.

Камітэт “Салідарнасьць” рэкамэндаваў для навучаньня ў Польшчы па праграме Каліноўскага 233 хлопцы й дзяўчыны. Каля 150 бацькоў з розных рэгіёнаў, чые дзеці падчас прэзыдэнцкай кампаніі знаходзіліся на Кастрычніцкай плошчы й пратэставалі супраць вынікаў выбараў, выказалі жаданьне паўдзельнічаць у сёньняшнім сходзе.

(Таміліна: ) “У мяне сын Ян Тамілін. Быў у намётавым лягеры. Яго забралі ў апошнюю ноч. Ён быў тры ночы, атрымаў пакараньне 10 сутак”.

(Карэспандэнт: ) “Дзе ён вучыцца?”

(Таміліна ) “У Гданьску. Ва ўнівэрсытэце. На першым курсе. Ён выбраў спэцыяльнасьць “Псыхалёгія, арганізацыя і кіраваньне”. Цяпер робіць нейкія пераклады зь беларускай на польскую мовы. У цэлым пасьпявае”.

Гэта распавяла Тамара Таміліна. У Сьвятланы Жызьнеўскай дачка падчас сакавіцкіх падзеяў таксама была пакараная зьняволеньнем, але цяпер працягвае навучаньне за мяжою:

(Жызьнеўская: ) “Аліна Жызьнеўская. Яна задаволеная, ёй падабаецца там. Вышэйшая школа журналістыкі ў Варшаве”.

У Сьвятланы Ванчук па праграме Каліноўскага вучыцца сын Аляксандр:

(Ванчук: ) “Вучыцца ў Беластоку ва ўнівэрсытэце па спэцыяльнасьці “Ангельская філялёгія”. Ён, вядома, задаволены. Ён раней вучыўся ў Менскім лінгвістычным унівэрсытэце, аднак пасьля турмаў на Акрэсьціна й Жодзіна ў яго ўзьніклі цяжкасьці са здачай заліку”.

Бацькі рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў сустрэліся сёньня з дырэктарам стыпэндыяльнай праграмы Каліноўскага Янам Маліцкім. Яны выказалі ўдзячнасьць за прадастаўленую іх дзецям магчымасьць атрыманьня адукацыі. Уладзімер Порах, бацька Аляксандра, які да сакавіцкіх падзеяў навучаўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры:

(Порах: ) “Вучыцца ў горадзе Быдгошч. Па спэцыяльнасьці гукарэжысёр. Ён сказаў, што ўсё добра. Я задаволены. Я задаволены, бо ён тут такую адукацыю, як там, атрымаць ня можа”.

Іна Кулей так падсумавала настроі бацькоў:

(Кулей: ) “Умовы, безумоўна, выдатныя, і тут трэба падзякаваць польскаму ўраду. Таму што менавіта польскі ўрад быў першым, хто адгукнуўся вось такой праграмай на патрэбы беларускіх студэнтаў. Умовы для студэнтаў такія, што толькі вучыся. І стыпэндыя высокая, і магчымасьці пражываньня ў інтэрнатах, лепшых у параўнаньні з нашымі інтэрнатамі, і магчымасьці карыстаньня інтэрнэтам. Яны павінны атрымаць адукацыю. Яны – будучыня нашай краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG