Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч ў Мастах: “Трэба бурыць абыякавасьць”


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць Сёньня Аляксандар Мілінкевіч як давераная асоба зьбіраў подпісы за вылучэнцаў дэмакратычнай кааліцыі ў Мастах Гарадзенскай вобласьці. Аляксандар Мілінкевіч зазначае, што людзьмі авалодала апатыя, і трэба яе пазбаўляцца.

У Мастах ад дэмакратычнай кааліцыі плянуюць зарэгістраваць 12 кандыдатаў у мясцовыя саветы. Аляксандар Мілінкевіч сёньня зьбіраў подпісы за траіх вылучэнцаў. Адзін зь іх, прадпрымальнік Уладзімер Шчакарэвіч, кажа, што неабходную колькасьць ужо сабраў — людзі ахвотна ставяцца да кааліцыйных кандыдатаў.

(Шчакарэвіч: ) “Вялікую ролю адыгрывае прапаганда, якая льецца з экранаў тэлевізараў і радыё, але калі з чалавекам пагаворыш, стаўленьне іншае. Калі адыходзіш, зычаць удачы, удачы, а сустракаюць спачатку — за нашага “любімага”, маю на ўвазе прэзыдэнта, а калі сыходзім, то жадаюць удачы нам”.

Аляксандар Мілінкевіч, абышоў некалькі пад’ездаў і таксама застаўся задаволены, людзі яго паўсюль пазнаюць. У яго свае высновы, вось што ён сказаў нашаму радыё:

(Мілінкевіч: ) “Я б сказаў так, што сёньня ня страх галоўная наша праблема — а апатыя. Людзі ні ў што ня вераць. Вось канкрэтны прыклад. Жанчына цяпер распавядала, што хворага хлопца забіраюць у войска, а здаровых, паколькі бацькі начальнікі, не бяруць. Таму яна ня верыць, што нешта можна зьмяніць. Яна так і не паставіла свайго подпісу, а хлопец малады ўзяў ды падпісаў. Яму толькі васямнаццаць споўнілася. Таму бурыць трэба абыякавасьць”.

У пятніцу Аляксандар Мілінкевіч наведае Горадню. Ён плянуе правесьці экскурсію па горадзе для ўсіх ахвочых, а таксама дапамагчы зьбіраць подпісы гарадзенскім вылучэнцам ад дэмакратычнай кааліцыі.



На здымку: Аляксандар Мілінкевіч зьбірае подпісы за дэмакратычных вылучэнцаў у Мастах
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG