Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абавязковая маркіроўка тавараў прывядзе да росту цэнаў


Ігар Карней, Менск Урад абавязаў прадпрыемствы гандлю Беларусі з 8 сьнежня прадаваць з абарончай маркіроўкай усе лекі зь біядабаўкамі, абутак, каву, гарбату, мабільныя тэлефоны, аўдыё-і відэаносьбіты. Афіцыйна паведамляецца, што гэта зроблена “дзеля ўдасканаленьня кантролю за абаротам і якасьцю асобных тавараў”.

У Міністэрстве гандлю паведамілі, што маркіроўка дазволіць спыніць пастаўку ў Беларусь няякасных ці падробленых тавараў з-за мяжы, што пакупнік мае дакладна ведаць, якую прадукцыю ён спажывае, ці ўтрымліваюцца ў ёй генэтычна мадыфікаваныя альбо біялягічныя дабаўкі:

(Супрацоўніца міністэрства: ) “Генэтычна мадыфікаваныя арганізмы шырока яшчэ ня вывучаныя, паколькі амэрыканская індустрыя першая пачала такую вытворчасьць з мэтай падвышэньня аб’ёму харчовай прадукцыі на плянэце. І так як чалавек спажывае абсалютна біялягічны новы арганізм, то навукоўцы ўсё ж ставяцца да гэтай зьявы вельмі насьцярожана”.

Працэдурай маркіроўкі маюць займацца рэалізатары прадукцыі, што выклікала неадкладнае падвышэньне коштаў. Напрыклад, лекі для паляпшэньня зроку зь біядабаўкамі, якія раней каштавалі ў менскай аптэцы “Плянэта здароўя” 3500 рублёў, цяпер каштуюць 4500.

Рост коштаў на сацыяльна важныя тавары нават на тысячу — другую адаб’ецца на кашальках найбольш неабароненых: пэнсіянэраў, інвалідаў, кажа прадстаўнік прафсаюзнага руху Беларусі Генадзь Быкаў. На ягоную думку, і цяпер для вялікай часткі беларусаў недаступныя ня толькі экалягічна чыстыя прадукты, пра якія непакояцца ініцыятары новых захадаў, а любыя.

(Быкаў: ) “Я вельмі часта размаўляю з працаўнікамі — і перадпэнсійнага ўзросту, і з пэнсіянэрамі. І я добра ведаю: за 250 нават даляраў ён ня можа выжыць, прынамсі, у Менску. Проста ня можа. А калі ёсьць яшчэ ў сям’і хворыя, калі хочаш сам лекавацца ці жонку лячыць, то рэч зусім іншая”.

Самі лекары канстатуюць: у Беларусі, большую тэрыторыю якой колісь накрыла радыяактыўная чарнобыльская хмара, экспэрымэнтаваць з коштам лекаў ня варта. Кандыдат мэдычных навук Сяргей Карыцька перакананы:

(Карыцька: ) “Чарнобыль, як і любая катастрофа, мае вялізны комплекс адмоўных фактараў узьдзеяньня на здароўе. Таму мы цяпер і пачалі болей хварэць, раней паміраць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG