Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Леанід Карась


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Ён меў мянушку Рыба, якая, між тым, ані не адпавядала ягонай натуры. Леанід Карась любіў кампанію і заўсёды гатовы быў бараніць яе ці свой асабісты гонар. Часамі, як згадваюць сябры, на яго находзіла “ахвота з кім-небудзь пабіцца”.

Леанід належаў да славутай “Дванаццаткі” — суполкі з дванаццаці нашых юнакоў, якія трапілі па вайне на Захад і вырашылі “быць прыкладам самаахвярнасьці й адданасьці нацыянальнай справе, быць першымі ўсюды, дзе патрабуюць гэтага інтарэсы Народу”. Яны небеспадстаўна лічылі сябе авангардам беларускай моладзі на эміграцыі і праз паўстагодзьдзя сталі героямі дакумэнтальнай аповесьці аднаго зь іх, Янкі Запрудніка, які так і назваў сваю выдадзеную ў 2002 годзе ў Нью-Ёрку кнігу — «Дванаццатка».

Гартаючы 500-старонкавую Запруднікаву таміну, я думаю пра сотні маладых беларусаў, якія пасьля гарачай вясны 2006-га таксама трапілі за мяжу, і мне мрояцца створаныя імі сучасныя «дванаццаткі» з тымі самымі мэтамі й памкненьнямі.

Ім, цяперашнім, лягчэй. Яны не мусяць перад унівэрсытэтам цяжка працаваць, як Лявон зь сябрамі, на шахтах. Большасьць зь іх мае магчымасьць пераведваць Беларусь і, хочацца спадзявацца, вернецца сюды.

Лявон Карась пра такое мог толькі марыць.

Навучаючыся ў бэльгійскім Лювэне на інжынэра, ён даведаўся пра стварэньне беларускай сэкцыі Радыё Вызваленьне (цяпер Радыё Свабода) і выехаў у Мюнхэн, адкуль павінна было распачацца вяшчаньне. Апрача журналісцкіх задаткаў ён ужо валодаў ангельскай моваю і меў, што для супрацоўніка радыё надзвычай важна, прыемны зычны голас. 20 траўня 1954-га беларускія перадачы пайшлі ў эфір. Галоўным “сьпікерам” быў Леанід Карась.

Прафэсія журналіста ўва ўсе часы была небясьпечнай. Нязьмерна больш за іншых рызыкавалі супрацоўнікі радыё, што несла слова праўды за камуністычную “жалезную заслону”, туды, дзе перадачы глушыліся, а спэцслужбы рыхтавалі супроць “вызваленцаў” свае брутальныя акцыі.

7 верасьня таго самага году Леанід Карась не зьявіўся ў студыю. Праз тыдзень ягонае цела знайшлі на беразе мюнхэнскай ракі Ізар. Злачынства засталося нераскрытым, але сябры й калегі не сумняваліся, што гэта — справа рук камуністычных агентаў. Яшчэ праз два месяцы у сваёй кватэры быў закатаваны шэф азэрбайджанскай рэдакцыі Аба Фаталібэй.

Радыё Вызваленьне ішоў першы год, Леаніду Карасю — трыццаць першы...
XS
SM
MD
LG