Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні ад 1 сьнежня пачнуць галадоўку пратэсту вернікі-каталікі


Сяргей Астраўцоў, Горадня 45 гадоў таму ў Горадні ўлады зруйнавалі выбухам гатычны касьцёл, вядомы як Фара Вітаўта. З нагоды гэтай даты ў Катэдральным касьцёле адбылася імша. Надзеяў на адбудову Фары Вітаўта пакуль няма. Праўда, за апошнія гады ў горадзе былі пабудаваныя новыя храмы розных канфэсій, але вернікі адной з парафій зьбіраюцца галадаць якраз таму, што ніяк не атрымаюць дазволу пабудаваць касьцёл.

Адзін зь вернікаў Эдуард Дмухоўскі гаворыць, што людзі памятаюць дату зьнішчэньня ў 1961 годзе Фары Вітаўта і адзначаюць яе. У Катэдральным касьцёле будзе паказана выстава, прысьвечаная зруйнаванай сьвятыні, а напярэдадні адбылося набажэнства.

(Дмухоўскі: ) “Уся казань была прысьвечана гэтай падзеі. Ксёндз сказаў, што ўзарвалі, зьнішчылі самы прыгожы старажытны касьцёл на нашай зямлі. Ён зазначыў: ёсьць такая статыстыка, што людзі больш наведваюць менавіта гатычныя храмы, таму яны найбольш збліжаюць чалавека з Богам”.

Пасьля імшы актывісты руху “За свабоду” запалілі на месцы, дзе стаяў касьцёл, крыж са зьнічак.

Што датычыць новых храмаў, дык будуюцца яны з розным посьпехам. Даволі хутка былі ўзьведзены дзьве пратэстанцкія царквы, узьнік гмах касьцёлу ў раёне Вішнявец. А вось праваслаўная царква Ўсіх Беларускіх сьвятых доўгі час была толькі ў праекце, потым зьявіўся чыгуначны вагон, і толькі пазьней пачалося будаўніцтва. Больш падрабязныя зьвесткі наконт храмаў мне не захацелі даць у абласным Савеце ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў.

Тады я пацікавіўся: ці атрымалі пісьмовы дазвол на пабудову касьцёлу на вул.Рэпіна вернікі, якія разам з ксяндзом днямі правялі акцыю пратэсту каля аблвыканкаму, пасьля чаго кіраўнік вобласьці Ўладзімір Саўчанка вусна паабяцаў, што патрабаваньне будзе задаволенае? Адказ чыноўніка з Савету па справах рэлігій быў такім:

(Чыноўнік: ) “Што сказаў Саўчанка, тое вядома і нам, больш мы вам нічога дадаць ня можам, таму што ў нас іншай інфармацыі таксама больш няма”.

Ксёндз Аляксандар Шэмет, між тым, паведаміў, што кіраўнік Савету ў справах рэлігій Ігар Папоў сказаў ім напісаць ліст да старшыні гарвыканкаму Аляксандра Антоненкі з просьбай выдзеліць зямлю пад будаўніцтва. Такі ліст вернікі 29 лістапада занесьлі, але ім сказалі, што спадара Антоненкі ня будзе да 10 сьнежня. Айцец Аляксандар Шэмет зазначае, што прасіць зямлю пад будаўніцтва ім даводзіцца ня першы раз, у студзені будзе 10 гадоў такім спробам.

(Шэмет: ) “І гэта ня справа абыякавасьці да людзей, гэта справа палітычная зь іхняга боку… Скажыце, калі ласка, колькі ж можна чакаць, а яны будуць бегаць і казаць: ня трэба, навошта, усё і так вырашыцца. А колькі ж гэта можна вырашаць? Яны хацелі б, каб мы нічога не рабілі, а толькі маўчалі яшчэ зь дзесяць гадоў”.

Ксёндз Аляксандар Шэмет пацьвердзіў, што з 1 сьнежня вернікі пачнуць галадоўку пратэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG