Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандлёвыя войны як выдаткі занадта блізкага сяброўства


Радыё Свабода Многія аналітыкі лічаць: саміт кіраўнікоў дзяржаваў СНД паказаў, што былыя суб’екты СССР усё больш аддаляюцца. Перадусім, гэта тычыцца кіраўнікоў Беларусі й Расеі, якія даюць адзін аднаму падставы для завочнай палемікі. Беларускія й расейскія экспэрты кажуць, што палітычныя супярэчнасьці наўпрост рэзануюць на эканамічных стасунках паміж краінамі.

Калі саміт прэзыдэнтаў краінаў СНД азмрочыўся журналісцкім скандалам, то ў Маскве прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі не атрымаў сустрэчы з кіраўніком расейскага ўраду Міхаілам Фрадковым — ва ўрадавай канцылярыі дэлегацыі паведамілі, што такой сустрэчы ў плянах няма.

Між тым, тэмаў для абмеркаваньня шмат. Месяц ня можа вырашыцца канфлікт беларускіх і расейскіх вытворцаў кандытарскіх вырабаў. Дзяржаўны мытны камітэт не пускае расейскіх слодычаў, бо цукеркі з такімі назвамі прадукуюцца ў Беларусі. Экспэрты лічаць, што падстава да радыкальных захадаў — нежаданьне Расеі спажываць беларускі цукар, на таварных пунктах у Маскве стаіць амаль паўтары сотні чыгуначных саставаў з салодкім грузам. Патлумачыць сытуацыю я папрасіў прадстаўніцу Міністэрства эканамічнага разьвіцьця й гандлю Расеі Настасьсю Зімоніну.

(Зімоніна: ) “Мы днямі ініцыявалі сустрэчу з нашымі вытворцамі-кандытарамі. Наколькі я разумею, гэтая спрэчка больш ляжыць у рэчышчы інтэлектуальнай уласнасьці, чым мае гандлёвы падтэкст… Што тычыццца цукру. Ваша цудоўнае тэлебачаньне нас нядаўна запісвала з нагоды таго, што стаяць вагоны з цукрам. Трэба сказаць, вельмі жорстка абышліся, нават непрыгожа. Вагоны сапраўды стаяць. Але не з-за таго, што Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю нібыта зьбіраецца ўводзіць 8-працэнтную пошліну на цукар у Маскве, як цьвердзяць тэлевізійнікі. А таму, што рэальна не пасьпяваюць “акучыць” такую вялікую колькасьць саставаў”.

Днямі Саюз расейскіх півавараў заявіў: на складох часовага захоўваньня ў Беларусі беспадстаўна затрымліваюцца партыі піва. Санэпідэмслужбы ладзяць сур’ёзныя праверкі, ці адпавядае піва ўнутраным стандартам. Прадстаўнік арганізацыі Вячаслаў Кузьняцоў перакананы: першапрычынай да абвастрэньня эканамічных дачыненьняў ёсьць палітычныя непаразуменьні.

(Кузьняцоў: ) “Усё гэта, пэўна, трэба разглядаць у комплексе дачыненьняў, якія апошнім часам склаліся паміж Расеяй і Беларусьсю. І ня толькі датычна піва; акцэнтаваць, што менавіта піва становіцца аб’ектам нейкіх непаразуменьняў, ня варта. То бок, усё выцякае з кантэксту агульных дачыненьняў. І калі прасачыць выступы кіраўнікоў краінаў, нават з улікам таго, што адбывалася на саміце ў Менску, то зьдзіўляцца таму, што пачало здарацца ў самых розных сфэрах, папросту не даводзіцца”.

Няпэўным пакуль выглядае агалошаны намер Расеі стварыць сумеснае газатранспартнае прадпрыемства на базе “Газпрому” і “Белтрансгазу”. Расейскі лідэр Уладзімер Пуцін учора заявіў расейскім журналістам: СП будзе працаваць на парытэтнай аснове, пяцьдзясят на пяцьдзясят. Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка не выключае, што ў выпадку магчымых саступак вакол “Белтрансгазу” кошт прыроднага газу на наступны год сапраўды можа быць не такі высокі, як ад пачатку прапаноўваў “Газпром”. Але такі сцэнар разьвіцьця падзеяў павінны пацьвердзіць абодва бакі.

(Заіка: ) “У такім выпадку дыяпазон магчымага кошту на 2007 год — дзесьці да 150 даляраў. Другое, мы ўсё ж маем саступкі па “Белтрансгазе”. Нарэшце, калі расейцы будуць вельмі шчодрыя, то магчымая такая формула: “Белтрансгаз” — у абмен на частку капіталу, частку акцыяў газаздабыўчых кампаніяў. То бок, ідэя такая: мы вам даем частку альбо ўсю трубаправодную сыстэму, а вы нам — доступ да кампаніяў, якія ёсьць вытворцамі газу”.

Пазыцыя беларускага боку адносна “Белтрансгазу” не такая акрэсьленая. Першы намесьнік старшыні Савету міністраў Уладзімер Сямашка падчас паседжаньня кіраўнікоў урадаў СНД заявіў: пасьля незалежнай ацэнкі “Белтрансгазу” Беларусь і Расея могуць стварыць газатранспартнае сумеснае прадпрыемства да канца году, але — “пры наяўнасьці палітычнага рашэньня”. Між тым, няма агульных падыходаў да ацэнкі “Белтрансгазу”. Як кажуць некаторыя крыніцы, галяндзкі банк ABN Amro ацаніў “Белтрансгаз” на 4 мільярды даляраў. Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з украінскімі журналістамі казаў, што рэальны кошт прадпрыемства можа сягаць 16 мільярдаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG