Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Лягун: “Веру ў вяртаньне Зянона Пазьняка на Радзіму”


Радыё Свабода Алена Лягун — удзельніца праграмы “Ў што я веру”.

Я веру, што самым лепшым маім сябрам за ўсё маё жыцьцё быў мой бацька – Рыгор Дзьмітрыевіч Лягун. Калі ён хацеў упэўніць мяне ў чым-небудзь, то заўсёды задаваў пытаньне: “Ты верыш мне, донька?”. З таго часу я веру, што бацькі, якія ў даверлівых адносінах з сваімі дзяцьмі, могуць уплываць на іхні лёс да канца свайго жыцьця.

Веру, што дзеці таксама могуць зьмяніць сьветапогляд сваіх бацькоў, бо мне ня раз удавалася тлумачыць маім бацькам, што адбываецца ў нашай краіне. Пасьля чаго яны прымалі мой бок.

Я веру, калі народ наш перажыў голад, разруху, фашызм, распад СССР —перажыве ён і рэжым Лукашэнкі.

Веру ў моладзь нашу, у іх адданасьць Айчыне. У змаганьні за Волю і Свабоду сёньня яны пакутуюць у турмах.

Веру, што ані Павал Севярынец, ані Зьміцер Дашкевіч ня скорацца ўладзе, я веру ў іхнія сілу і дух. Веру, калі рухне рэжым Лукашэнкі, гэта будзе вялікае нацыянальная сьвята, як Дзень Перамогі.

Веру, што зноў вернуцца нашы сьвятыні: бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”.

Веру ў вяртаньне Зянона Пазьняка на Радзіму, бо ён быў, ёсьць і застанецца гонарам беларускага народу.

Я веру ў Сьвятое Пісаньне. Знакамітая тэза апостала Паўла ў пасланьні да Рымлянаў гаворыць: “Усякая ўлада ад Бога”. Яна яскрава сьведчыць, што палітыка ёсьць адной з найважнейшых сфэраў прымяненьня Слова Божага ў самой Бібліі.

Я веру, што малітвы бацькоў, дзеці якіх пакутваюць у турмах за Веру й Свабоду, будуць пачутыя Магутным Богам.

Я веру ў квітнеючую й сьветлую Беларусь. Гэтым у сваёй веры й жыву.

Алена Лягун – інжынэр паводле адукацыі, краязнаўца паводле прызваньня; улюбёная ў палескія краявіды, песьні і людзей. Жыве ў Пінску.
XS
SM
MD
LG