Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч бярэ ўдзел у саміце НАТО (абноўлены)


Альгерд Невяроўскі, Менск Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі знаходзіцца ў Рызе, дзе 27—29 лістапада праходзіць сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў Паўночнаатлянтычнага альянсу. У Аляксандра Мілінкевіча заплянаваныя сустрэчы з палітолягамі й эканамічнымі экспэртамі Эўропы, ЗША й Канады.

Саміт НАТО афіцыйна адкрываецца толькі сёньня ўвечары, але Аляксандар Мілінкевіч пасьпеў правесьці ў Рызе шэраг нефармальных сустрэчаў.

(Мілінкевіч: ) “Я ўжо з шэрагам экспэртаў сустрэўся. Гэта надзвычай важныя сустрэчы, таму што многа ідзе размоваў пра Беларусь. Цікавасьць да нашай краіны не спадае, і гэта нам дае вялікую пэрспэктыву”.

Цягам трох дзён Аляксандар Мілінкевіч будзе праводзіць двухбаковыя сустрэчы, а таксама возьме ўдзел у вялікай канфэрэнцыі, падчас якой будзе абмяркоўвацца роля НАТО ў стварэньні сыстэмы бясьпекі ў сьвеце. Спадар Мілінкевіч таксама зьбіраецца выступіць на розных канфэрэнцыях, дзе будзе абмяркоўвацца беларускае пытаньне. Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў лічыць вельмі важным удзел у саміце НАТО:

(Мілінкевіч: ) “Наша прапаганда ўвесь час стварае з эўрапейскіх структураў, і НАТО ў тым ліку, ворага. Я так не лічу. НАТО — гэта гарант бясьпекі, найперш у Эўропе. І таму я лічу, што нам трэба рыхтаваць сябе да будучага супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй. І мы будзем так рабіць. І вельмі важныя асабістыя кантакты. Бо Беларусь — эўрапейская краіна, і ў яе ёсьць эўрапейская будучыня. І без такой падрыхтоўкі мы потым страцім шмат часу, калі станем вольнай краінай”.

Аляксандар Мілінкевіч бярэ ўдзел у саміце НАТО на асабістае запрашэньне прэзыдэнта Латвіі Вайры Віке-Фрэйбэргі. Ад Беларусі ў ім удзельнічаюць апазыцыянэры й праваабаронцы Андрэй Саньнікаў, Ірына Красоўская і Міхаіл Марыніч.

У саміце ўдзельнічаюць дзевяць прэзыдэнтаў і пятнаццаць прэм’ер-міністраў. Сярод гасьцей — былы памочнік прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Зьбігнеў Бжэзінскі, былы мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні, сьпікер парлямэнту Грузіі Ніно Бурджанадзэ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG