Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Казуліна: “Я веру ў бацьку. Я веру ў маці”


Ганна Соўсь, Прага На гэтым тыдні слухачы “Свабоды” праз пошту і тэлефанаваньні адказвалі на пытаньне “Ў што я веру”. Гэтаксама пра сваю веру і перакананьні гаварылі суразмоўцы "Начной Свабоды”.

На гэтым тыдні найстарэйшая беларуская газэта “Наша Ніва” адзначала 100-гадовы юбілей. І ў начным эфіры “Свабоды” былы галоўны рэдактар газэты літаратар і журналіст Сяргей Дубавец расказаў, у што ён верыць.

(Дубавец: ) "Я веру, што праўда пераможа хлусьню, што сьвятло пераможа цемру, што прыгажосьць уратуе сьвет. Веру ў тое, што не культура зьяўляецца невялічкай часткай палітыкі, а палітыка зьяўляецца невялічкай часткай культуры. Магу прывесьці кароткі прыклад. У інтэрнэце зьяўляюцца новыя сайты, дык ў іх рубрыка "Культура" ідзе пасьля "Бамонду", "Скандалаў", "Мабільніка", "Аўто" на нейкіх саракавых месцах. А польскі інтэлектуал Ежы Гедройц, які выдаваў часопіс, што па сутнасьці перавярнуў сацыялістычную Польшчу... Гэта быў палітычны часопіс пад назвай "Культура". Я веру ў розум сэрца".

Дарэчы, на гэтым тыдні адзначыла сваё 25-годзьдзе Беларускае аб’яднаньне студэнтаў Польшчы, і адзін з яго кіраўнікоў Павал Бушка гэтак сказаў пра сваю веру.

(Бушка: ) "Я веру ў шмат рэчаў , і ў шмат рэчаў, на жаль, ня веру. Пытаньне веры заўсёды асабістае. Хацеў бы верыць у Бога напэўна. Таму што вера ў Бога дае вялікую псыхалягічную бясьпеку, не дазваляе адчуць сябе адзінокім. Хацеў бы верыць у Бога. На жаль, не атрымоўваецца. Гэта мая асабістая трагедыя. Хацеў бы верыць у тое, што беларускасьць і ў Беларусі, і ў нас у Польшчы выжыве. Вось гэта дзьве рэчы, у якія я хацеў бы верыць, а часам і веру".

А зараз зьвярнуся да лістоў слухачоў, якія пішуць пра сваю веру. Алег Мартысюк з Менску верыць “у нашу моладзь, што наша Радзіма хутка будзе свабоднай і квітнеючай”.

А Марыя Тананка са Смаргонскага раёну піша: “Веру, што “мая восень” ня будзе вельмі руплівай, паблукае дзе-небудзь па лесе, затрымаецца на раздарожжы, не пасьпяшаецца на свой апошні прыпынак. Веру, што надыходзіць сапраўдная зіма і не пашкадуе старых і нямоглых, асабліва ў вёсцы. Веру, што мае дзеці, унукі і праўнукі будуць сумленна працаваць і прыстойна жыць у роднай краіне. Веру, што гэтай краінай будзе незалежная дэмакратычная Беларусь. Веру, што апазыцыя ўрэшце зразумее, што сваімі групоўкамі і разьбіральніцтвамі прыносіць вялікую шкоду Беларусі. Гэта валтузьня за лідэрства, дзяльба партфэляў цяжкім молатам б’е па аўтарытэце яе сярод простых людзей і адштурхоўвае нават прыхільнікаў. Веру, што, якое б ні было вялікае зло, дабро пераможа, і Бог нам дапаможа”, піша Марыя Тананка са Смаргонскага раёну.

Адзін са слухачоў Свабоды, які не назваў сваё імя, праз тэлефон-аўтаадказьнік гэтак сказаў пра свае перакананьні.

(Спадар:) “Хацеў бы адказаць на пытаньне Радыё Свабода “У што я веру?” Дык, у што я веру, то бок, на што я жадаю заплюшчыць вочы, пра што не хачу ведаць праўды. Бо вера – гэта прага ўцячы ад ісьціны ў сьвет ілюзіяў. А я заўжды быў прыхільнікам праўды, нават той, якая ўскладняе жыцьцё. Таму я ня веру ў бясконцы шэраг багоў, створаных чалавечым невуцтвам і страхам. Тым больш ня веру ў касту пасярэднікаў паміж людзьмі ды багамі, у касту сьвятошаў, якія ня больш карысныя на зямлі, чым хваробатворныя мікробы. Ня веру я таксама ані ў дыктатуру, ані ў дэмакратыю, ані ў “трэці шлях”. Любая ўлада будзе ашукваць і рабаваць народ, у які я, дарэчы, таксама ня веру, бо ведаю праўду: народ у пераважнай большасьці – гэта статак невукаў, поўных забабонаў і здатных самастойна мысьліць. Адпаведна, я ня веру ў выбраньніка гэтага народу Лукашэнку, бо ягоны ўзровень IQ блізкі да нуля. Ня веру і ў вядомых нашых апазыцыянэраў, у тое, што іх бясконцыя замежныя паездкі і ёсьць зацятае змаганьне за рэжым. Ня веру ў тое, што напаўмёртвая беларуская мова раптам ўваскрэсьне, а што баба Маруся зь вёскі нечакана пачне чытаць Ніцшэ. Я ня веру ў сьветлую будучыню Беларусі, як і іншых краін, таксама ў бязглуздае аптымістычнае мармытаньне гасьцей на Радыё Свабода. А веру я, а дакладней, ня веру, а ведаю, што праз колькі год памру і памру назаўсёды без пасьмяротнага ўваскрэсеньня, бяз сьледу. Зьнікну і ўсе забудуцца на мяне...”

Пасьля такога пэсымістычнага адказу я прапаную Вам паслухаць Юлію Казуліну, дачку палітвязьня Аляксандра Казуліна, якому ўчора споўніўся пяцьдзесят адзін год. Юлія Казуліна, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, верыць:

(Казуліна: ) “Я веру ў бацьку. Я веру ў маці. Я веру ў справядлівасьць. Я веру ў Бога."

Наступны госьць “Начной Свабоды” тэлежурналіст, аўтар дакумэнтальнага кіно Леанід Міндлін, адказваючы на пытаньне вядучай Вольгі Караткевіч пра веру, згадвае стары адэскі анэкдот.

(Міндлін: ) "Жора, пачынай рыбу смажыць! “Дык рыбы ж няма”. “ А ты смаж, смаж, рыба будзе..." Вось я веру, што рыба будзе калісьці. А калі сур''ёзна, то я б хацеў верыць у тое, што маўклівая большасьць нашага грамадзтва калі-небудзь падасьць голас. Жыць у стане страху, як гэта цяпер адбываецца, і дарэчы гэта ня страх рэпрэсій, ня страх ГУЛАГу, гэта нейкі страх перад будучыняй, перад тым, што трэба нешта рабіць, нейкія актыўныя дзеяньні. Мне здаецца, што ўсё ж інстынкт існуе. Людзі павінны думаць пра сваіх дзяцей, пра тое, што будзе з краінай, якая будучыня будзе ў дзяцей. Я веру, што гэтая большасьць загаворыць. І тады будзе дзень, каля я пабачу маю чароўную суразмоўцу Вольгу Караткевіч у эфіры першага вольнага тэлеканалу ў Менску."

І на завяршэньне агляду пра сваю веру гаворыць літаратар і выкладчык з Магілёву Аляксей Бацюкоў.

(Бацюкоў: ) "Я веру, што Беларусь здольная, мае сілы для самаачышчэньня. Гэта значыць, што Беларусь па-за вонкавымі ўплывамі, яна вяртаецца да сваіх культурных каштоўнасьцяў, да тых, якія сталіся асноўнымі фактарамі ўзьнікненьня Беларусі. Але пастаянны ўплыў звонку непазьбежны, таму самаачышчэньне -- гэта той шлях, на які мне хацелася б, каб Беларусь стала".

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG