Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што робяць у Літве з помнікамі савецкіх часоў?


Іна Студзінская, Менск У беларускіх гарадах і вёсках дагэтуль захавалася шмат сымбаляў савецкай эпохі, помнікаў правадырам і героям савецкіх часоў. І калі Ленін, які па-ранейшаму стаіць на цэнтральных плошчах бальшыні райцэнтраў, мясцовымі выканкамамі яшчэ падтрымліваецца ў больш-менш дагледжаным стане, то шматлікія помнікі, бюсты у парках, на тэрыторыях заводаў і школ, развальваюцца. Што рабіць з помнікамі савецкай эпохі? Іна Студзінская апавядае пра досьвед суседняй Літвы.

У літоўскім мястэчку Грута, непадалёк ад Друскенінкаў і мяжы зь Беларусьсю, ёсьць Парк савецкага часу. У лесе, абнесеным калючым дротам, сабрана больш за 100 помнікаў Сталіну-Леніну-Дзяржынскаму, а таксама хата-чытальня, бібліятэчка камуніста, вышкі для вартаўнікоў, і нават бочка з квасам і аўтаматы з газіроўкай.

Усе экспанаты знаходзяцца ў дагледжаным стане. Прычым, помнікі – ня ўласнасьць музэю. Лічыцца, што дзяржава здала іх у арэнду. Ёсьць тут і незвычайная кавярня, дзе афіцыянты ў піянэрскіх гальштуках прапануюць савецкае мэню: кільку, катлеты з хлебам, кашу-размазьню, кісель. Падаюць усё ў бляшаных місках з алюмініевымі лыжкамі, у гранёных шклянках. Але стравы вельмі смачныя, смак зусім не савецкі.

Заснаваў парк былы старшыня перадавога літоўскага калгаса “Камунар”, а цяпер бізнэсовец Вілюмас Малінаўскас. Ён перамог у адмысловым конкурсе, абвешчаным Міністэрствам культуры. Выкупіў на свае сродкі 20 гэктараў забалочанай зямлі, асушыў, пазвозіў са ўсёй Літвы больш за 100 помнікаў, адрэстаўраваў іх.

(Малінаўскас: ) “Мы на стварэньне гэтага парку не атрымалі ніводнага літа. Пра самаакупнасьць я ніколі ня думаў. Я лічу, калі чалавек у краіне зарабіў крыху больш, чым яму патрэбна, ён павінен пасьля сябе штосьці пакінуць краіне, людзям”.

На стварэньне і ўтрыманьне парку пайшло ўжо больш за 7 мільёнаў літаў (амаль 2,5 мільёны даляраў). Асноўны бізнэс спадара Малінаўскаса – нарыхтоўка грыбоў і ягад, гадавы абарот ад якога – 20 мільёнаў эўра. І яшчэ турбаза. А парк, кажа гаспадар, – гэта даніна гісторыі, прычым, не самаму лепшаму пэрыяду.

На прапанову беларускіх журналістаў папоўніць экспазыцыю музэю скульптурамі зь Беларусі, спадар Малінаўскас адказаў, што ён захоўвае гісторыю менавіта сваёй краіны. Маўляў, сваю гісторыю захоўвайце самі.

(Малінаўскас: ) “Часьцяком пытаюцца: для чаго гэта патрэбна? Толькі ў Сыбір саслалі больш за 360 тысяч літоўцаў, а ўсяго пацярпела ад сталінскага рэжыму пацярпела каля мільёну. Ня лепш, канечне, і ў Беларусі было. І гэта забыцца, я лічу, мы не маем права. Што лёгка забываецца, то лёгка паўтараецца”.

Малінаўскас хоча, каб у парку кожны наведвальнік знайшоў штосьці цікавае, і не шкадуе на гэта грошай. Для дзетак Малінаўскас стварыў заасад, дзе шмат экзатычных жывёлаў, пляцоўкі з арэлямі і атракцыёнамі савецкіх часоў.

(Малінаўскас: ) “З кожным годам павялічваецца колькасьць людзей, што наведваюць парк, людзі прыяжджалі з 90 краінаў сьвету. І калі ў першыя гады пасьля адкрыцьця ў парк пераважна прыяжджалі літоўцы, то цяпер дзьве траціны – замежныя госьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG