Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маршрутамі нашаніўскіх карэспандэнтаў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі "Беларуская Атлянтыда". Удзельнічае гісторык мастацтва, супрацоўнік газэты “Наша ніва” Сяргей Харэўскі. Эфір 23 лістапада 2006 году.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “У гэты дзень, 23 лістапада, 100 гадоў таму выйшаў першы нумар газэты “Наша ніва”. Тое першае беларускае выданьне ёсьць сапраўднай крыніцай ведаў пра побыт, культуру, пра людзей пачатку ХХ стагодзьдзя. Калі перачытваеш стогадовай даўніны допісы ў газэту, міжволі ўзьнікаюць паралелі зь сёньняшнім днём. І паўстае пытаньне – тая Беларусь, якую бачылі карэспандэнты “Нашай нівы” і адлюстроўвалі ў сваіх допісах, зышла ў нябыт ці захавалася, адрадзілася, рэфармавалася?”

(Сяргей Харэўскі: ) “Як ні дзіўна, але бальшыня ідэяў першых нашаніўцаў застаюцца надзённымі дагэтуль. Пры тым, амаль у любой праяве жыцьця, хіба за выключэньнем зьнешняй палітыкі, бо мапа сьвету тым часам зьмянілася непазнавальна. А вось жа ў нашай старонцы мы пазнаем усё тыя ж трывогі й беды, што былі тут сто гадоў таму”.

(Ракіцкі: ) “Некаторымі маршрутамі сваіх даўніх папярэднікаў праехаў сёньняшні нашанівец Сяргей Харэўскі і паспрабаваў адшукаць у сучаснай Беларусі – Беларусь нашаніўскае пары. Дык якія думкі, выказаныя на старонках "Нашай Нівы" ажно сто гадоў таму, ня страцілі сваёй актуальнасьці й сёньня?”

(Харэўскі: ) “Найперш уражвае, як востра стаяла ў першай беларускай газэце экалягічная тэма. Ужо тады сумленныя аўтары й карэспандэнты білі ў званы, зьвяртаючы ўвагу на зьнішчэньне нашых спракаветных лясоў. Так, у № 4 за 1906 год, газэта пісала:

"Якая шкода робіцца для ўсяго краю, калі вырубаюць лясы бяз толку, – лёгка зразумець: дзе вырубяць лес у пень, дзе німа “лясной гаспадаркі” ані парадку, там ён няскора зноў вырасьце; а як лесу будзе нехват, то з таго ўсім прыдзецца кепска".

Хіба той, хто гэта пісаў ня быў празорцам? І гэтая думка, выказаная ў роднай мове добра даходзіла да простых людзей, бо ўжо ў №9 за 1907 год чытаем допіс зь Вілейскага павету:

“Мужыкі, узяўшы дубіны, забаранілі памешчыку Шэмбергу сячы ў сваім маёнтку лес”.

У наступным ўжо нумары пісалі з Брэст-Літоўскага:

“Прывезьлі ў турму 11 мужыкоў, бытцам бы яны падучылі грамаду мужыцкую не даваць сячы лесу ў маёнтку “Дубок” графіні Замойскай. На месца прыслалі салдатаў з Брэста й коньніцу з Ковля".

Пры тым, тыя "нашаніўцы" ўздымалі свой голас, выяўляючы насамрэч маштабнае мысьленьне:

“Лес страшэнна эксплёатуецца i вывозiцца ў нашы гарады i за гранiцу — лесу ўсё малей i ён ужо не спраўляецца з патрэбамi чалавецтва расьцi”.

(Ракіцкі:) “За лес тады вялася насамрэч жорсткая калатнеча паміж расейскай дзяржавай і беларусамі, паміж панамі й мужыкамі. Тое, што лес быў для беларуса і складам паліва, і будаўнічым матэрыялам, і запасам харчоў, і выдатнай аптэкаю, зразумець можна… Вось мужыкі і не давалі сячы лесу. А што ж сёньня? Беларусы згубілі адчуваньне каштоўнасьці лесу?”

(Харэўскі: ) “Выглядае, што так. Сёлета я сам бачыў, як нарыхтоўваюць драўніну проста ў Прыпяцкім запаведніку, а таксама ў Нарачанскім нацыянальным парку. За апошнія тузін гадоў на маіх вачах зьменшыліся лясы на Астравеччыне, Пастаўшчыне, Стаўпеччыне. Наогул бязьлеснымі цяпер выглядаюць Асіповіцкі, Слуцкі, Карэліцкі раёны. А на Мсьціслаўшчыне я сёлета пераканаўся ў тым, што мяжа з Расеяй існуе відавочная: роўна да яе высечаныя нашыя лясы, а за Сажом – лес стаіць сьцяною. Увогуле, сто гадоў таму ў слова "лес" закладаўся іншы зьмест. Меўся на ўвазе рэліктавы гушчар, дзе мядзьведзь, рысь, даніэль, расамаха ды нават зубар не былі яшчэ дзівам. Палясоўшчыкі, лесьнікі ды проста тыя, хто штогод саджаў новы лес, складалі пэўную элітную карпарацыю. А сёньня на "лесараспрацоўках" працуюць палітычныя вязьні ды рознага калібру выпадковы люд”.

(Ракіцкі:) “Насамрэч лес зьмізарнеў і наогул "выпаў" з мэнталітэту сучасных беларусаў. А што прыйшло на зьмену? Хіба што горад заваяваў сьвядомасьць?”

(Харэўскі: ) “Менавіта, горад. Не мястэчка нават, а даволі вялікі горад. Горад ужо тады адваёўваў у сьвядомасьці беларуса сваю прастору і паўставаў у ёй у натуральным крытычным успрыняцьці. Вось што пісала "Наша Ніва", напрыклад, пра Баранавічы, у 1909 годзе:

“Сёлетнія марозы вельмі даліся нам у знакі. На нашай жалезна-дарожнай станцыі дык аж трубы, каторыя ляжаць у зямлі на тры аршыны глыбінёю, так пазамерзалі, што прышлося аткапываць і адаграваць... Жыцьцё ў нас плыве не саўсім сонна. Каб Гасуд. Дума хоць трохі споўніла нашыя надзеі, якія на яе пакладалі, дык саўсім было бы добра. Іосьць у нас ад некаторага часу дзьве карысныя рэчы: мужыцкі банчок і гаспадарскае таварыство. Інтэрэсы і аднаго і другога ідуць нішто сабе; акалічныя мужыкі і дробная засьценковая шляхта яе не цураюцца, як гэта было даўней. Супольнікаў з кожным днём прыбывае. Гаспадарскае таварыство чыста-густа скліквае агульныя сабраньня, на каторых разьбіраюцца розныя гаспадарскія справы. Так, недаўна прыеджаў адзін інжэнер і чытаў, як па новаму лепей гаспадарыць, як здабрываць поле, лугі, палепшаць гатунак скаціны і др... адным словам, баранаўцы жылі бы ня горэй людзей каб... (дзе гэтага "каб" німа!) каб ня тое, што блізка ў кожным доме ёсьць яўны альбо тайны шынок..."

(Ракіцкі:) “За стагодзьдзе ў дзясяткі разоў сталі буйнейшымі Ліда і Асіповічы, Барысаў, Слонім. Гарады растуць, прапарцыйна растуць і праблемы гэтых гарадоў. А крытычнае стаўленьне?”

(Харэўскі:) “Відавочна стала меншым. Ці ня ў кожным нумары "Нашае Нівы" за царскім часам чытаем пра паўсюднае п''янства й брак культуры. Вось, напрыклад, што пісалі з Радашкавічаў Вілейскага павету ў 1907 годзе:

"На праводным тыдню ў нашым рэсторані была надта вялікая баталія. Біліся, хто чым папаў: камнямі, кулакамі і бутэлькамі. А ўсё гэта робіць праклятая гарэлка. Ці ня лепей было бы адкрыць у Радашкавічах замест рэстарана бібліятэку, ды народнае чытаньне, а то наш мужык ня мае другой пацехі і розрыўкі, як у пьянстве".

Дарэчы, гэты допіс быў падпісаны "Цьвярозы". Гэтым летам быў і ў Радашкавічах. Колішняе мястэчка насамрэч даўно ўжо стала горадам зь вялікімі прадпрыемствамі. Але бібліятэкі як не было, гэтак і няма (за выняткам дзьвюх дзіцячых). Няма й рэстарану. Наогул не знайшлі мы там дзе паесьці ці хоць бы кавы выпіць. Затое народныя традыцыі "разрыўкі", на жаль, толькі ўмацаваліся. П''юць гарэлку й без рэстарану. Надвячоркам наогул цяпер страшна аднаму бываць на чыгуначнай станцыі ў Радашкавічах, гэтулькі там п''янога люду бадзяецца”.

(Ракіцкі: ) “Але ж допісы і ў “Нашу ніву” пра п’янства былі. Напэўна, гэтая бяда й раней і цяпер тычылася ўсёй краіны без вынятку. Напрыклад, у 1909 годзе нейкі Тадэвуш Каўнер пісаў у "Нашу Ніву":

"На Сёмку ў мястэчку Ішколдзі, што лета бывае вялікі кірмаш на быдла. Шмат народу едзе на гэты кірмаш. Так было і сёлета. З самай раніцы адусюль цягнуцца людзі – да Ішколдзі. Разам з сваім братам Тодарам выбраўся на кірмаш і Казюк Радаман, з вёскі Кляпачоў. На дарозе знайшлі яны кусок сала, хлеб і кварту гарэліцы. Усьцешыліся браты. Выпіў Казюк са дзьве чаркі; маніўся зрабіць так сама Тодар, але не пасьпеў. Казюк тым часам ешчэ і не закусіў, як вытарашчыў вочы і пачаў вырабляць варьяцкія штукі: крычаў, кусаўся, кідаўся, – а нарэшце скончыў сваё жыцьцё. Тодар – хаця і мала пацягнуў, а і то ўсё корчыўся і ванітаваў, – відаць гарэлка нішто!"

Нешта падобнае можна пісаць і сёньня ці не штодня. За царом "Наша Ніва" таксама ці не штонумар наракала на брак асьветных установаў, газэтаў, кнігарняў. "У прошлым гаду адкрылася ў нас і кнігарня; беда толькі, што бібліотэкі ня можна дабіцца... ",– пісаў з гонарам нехта В.Сос-скі ў 1910-м годзе з Даўгінава. Ты быў сёлета ў Даўгінаве?”

(Харэўскі:) “Быў. Вядома ж, аніякай бібліятэкі там няма, пагатоў няма кнігарні. Хоць бы па-сёньняшняму гэта мусіла быць ужо інтэрнэт-кавярня. Затое ў Даўгінаве цяпер зіхцяць новааздобленыя царква й касьцёл, перад якім паставілі "Піету" а-ля Мікелянджэла. За Саветамі ставілі Леніных па Беларусі, а цяпер Хрыстоў”.

(Ракіцкі: ) “Дарэчы, пра касьцёлы й цэрквы. "Наша Ніва" на пачатку стагодзьдзя вельмі шмат прысьвячала ўвагі рэлігійнаму пытаньню. У прыватнасьці, яе карэспандэнты й аўтары дамагаліся, каб родная мова гучэла ў сьвятынях. Здаецца, і сёньня толькі адна беларуская газэта, тая ж “Наша ніва”, піша на гэту тэму”.

(Харэўскі: ) “Яно так. Сто гадоў таму, напрыклад, вельмі актыўны карэспандэнт увесь час пісаў з Лынтупаў, што ў іхнай парафіі не пачуеш роднай мовы ў касьцёле ды людцы тамтэйшыя мову не шануюць. Тое ж пісалася й зь Вішнева, з Валожыншчыны. Натуральна, цяпер ніхто не адважыцца абазваць публічна нашу мову недасканалай, за выключэньнем хіба што кіраўніка дзяржавы. Вось жа менавіта ў касьцёлах, амаль паўсюдна, за выняткам некаторых парафіяў на Гарадзеншчыне, цяпер гучыць беларускае слова. У тых самых Лынтупах, я, калі пачуў, як кабеты пранікнёна сьпяваюць рэлігійныя гімны па-польску, запытаў, ці ўмееюць яны сьпяваць па-беларуску. Яны зьбянтэжыліся. Казалі, што яны ўжо старыя, каб перавучвацца, а ўнукі іхныя чыста па-беларуску ўмеюць. Адна кабета гукнула: "Насьцечка, хадзі сюды! Пасьпявай дзядзю пра Бога па-беларуску!" Гледзячы, як лынтупская дзяўчынка пяе "Магутны Божа", я добра расчуліўся. А ў Вішневе пасьля шматгадовай працы айца Чарняўскага пагатоў каталікі сталі перадусім шчырымі беларусамі. Тое самае і на Мёршчыне, і ў Полацку, і ў Магілёве… Дзіўны плён дало нам мінулае стагодзьдзе. Рымска-каталіцкі касьцёл стаў у нас фарпостам беларушчыны. Сто гадоў таму "нашаніўцы" маглі пра такое хіба марыць. А зь іншага боку… У вёсцы Брынёў, што на гомельскім Палесьсі, я пабачыў новы касьцёл. "У вас тут хіба каталікі?"– спытаўся ў тамтэйшай калгасьніцы. "Канешне! У нас жа пан паляк быў, дык і мы, палучаецца, католікі!" Напэўна, і такой высновы не маглі прадбачыць сто гадоў таму "нашаніўцы".

(Ракіцкі: ) “Касьцёл, выглядае, у наш час з найбольшай пашанай ставіцца да беларускай мовы. А тэма мовы як была для першай, так і для сёньняшняй “Нашай нівы” застаецца актуальнай. Мова, адукацыя, экалёгія, п’янства – вось толькі некалькі праблемаў, пра якія пісалі нашаніўцы стогадоў таму, і пішуць журналісты сёньняшняй “Наша й нівы”. Дык хоць бы ў гэтых плашчынях, што прынцыпова зьмянілася?”

(Харэўскі:) “Кажа наша беларуская прыказка: "Дзяды зажылі ня мала бяды, а ўнукі дачакалі мукі". Няма пакуль той Беларусі, пра якую марылі колішнія "нашаніўцы". Няма й доўгачаканай свабоды. Можна нават сказаць, што ў многіх прынцыповых мэнтальных выявах беларусы цэлае стагодзьдзе пратапталіся на месцы. Мала зьмяніўся сам беларус. На шчасьце ці на бяду, ня ведаю. П''янства й цемрашальства, абыякавасьць да культурных каштоўнасьцяў і пасыўнасьць у грамадзкім жыцьці – нічога з гэтага ня зьнікла. Яшчэ ў больш жахлівым стане, чым сто гадоў таму, аказаліся нашы помнікі даўніны і прыроды. Але ў матэрыяльным сэнсе Беларусь сёньня не істотна розьніцца ад сваіх суседзяў. Наша краіна зрабіла крок з курной хаты ды ў космас. А зь іншага боку, калі падсумаваць тое, што зрабілі наступнікі "Нашай Нівы" ў галіне культуры й навукі, разьвіцьця літаратуры і мастацтва, дык і тут даробак можна вымяраць астранамічнымі лічбамі. Не зьмяніўся адно той сярэдні беларус, уласна дзеля якога й рупілася "Наша Ніва", падарыўшы яму Мару. Ён яе не заўважыў і прайшоў міма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG