Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Голас "Нашай Нівы" пастаўлены Купалам"


Севярын Квяткоўскі, Менск Сьвяткаваньне стагодзьдзя – “Нашай Нівы” – актывізавала дыскусіі вакол “Першай беларускай газэты з рысункамі”. Для кагосьці сучасная “Наша Ніва” – адзінае праўдзіва беларускае інфармацыйнае выданьне. Хтосьці ўяўляе газэту як культурніцкі праект: што на пачатку ХХ стагодзьдзя, што і цяпер – праз сто гадоў. “Якой бы вы хацелі бачыць “Нашу Ніву ў будучыні?”, – з гэтым пытаньнем Севярын Квяткоўскі зьвярнуўся да маладых і сталых беларускіх творцаў.

Малады магілёўскі паэт Дзьмітры Дзьмітрыеў пачаў чытаць “Нашу Ніву” ў 2003 годзе:

(Дзьмітрыеў: ) “Я адношу сябе да маладога пакаленьня, якое не зусім добра ведае, што было раней, на жаль. Але “Наша Ніва”, якая ёсьць сёньня, яна мяне задавальняе цалкам. Таму я не магу нічога прапанаваць, каб зьмяніць у лепшы бок”.

Філёзаф і літаратар Ігар Бабкоў піша ў сваім блогу пад тым жа псэўданімам, пад якім пачынаў публікаваць свае творы ў адноўленай “Нашай Ніве” – Francisak_n:

(Бабкоў: ) “Праглядаю НН прыблізна 5-7 хвілінаў і звычайна больш не вяртаюся. І так ужо год. Парадаксальна, але замест таго, каб скардзіцца што "сапсавалі газэту", я думаю што гэта і ёсьць крытэр яе пасьпяховасьці. “НН” нарэшце стала сапраўднай газэтай -- чымсьці што праглядаеш 5 хвілін і выкідаеш у сьметню без шкадаваньня”.

Берасьцейскі паэт Сяргей Прылуцкі выказвае такія пажаданьні:

(Прылуцкі: ) “Я бы хацеў бачыць “Нашу Ніву” больш разнастайнай. Бо апошнія пару гадоў нейкая яна аднастайная, скіраваная больш у палітыку. Мала цікавых матэрыялаў, як для мяне”.

Літаратарка з Гомелю Югася Каляда мяркуе:

(Каляда: ) “Мне “Наша Ніва” больш падабалася ў тым фармаце, у якім яна выходзіла на пачатку 1990-х гадоў – у форме літаратурнага альманаху. А калі яна ператварылася ў газэту з навінамі… Мне не прынцыпова ў якой мове я пачую навіны. Мне галоўнае іх пачуць, і аб’ектыўна. Ня тое, што не падзяляю пункт гледжаньня “Нашай Нівы”, але ёй не стае аб’ектыўнасьці”.

Адзін з сталых аўтараў ад аднаўленьня газэты ў 1991 годзе Адам Глёбус не пайшоў на сьвяткаваньне ўгодкаў “Нашай Нівы”:

(Глёбус: ) “Мне здаецца, што для “Нашай Нівы” адзінае выйсьце – ў паэтыку. Мне абрыдла палітыка. Палітыка зьмяняецца, а паэтыка застаецца. Для мяне самы асноўны дзеяч “Нашай Нівы” – Янка Купала. Можна памяняць мастацкага рэдактара, можна памяняць галоўнага рэдактара… А Купалу як памяняць? Той голас, які ў “Нашай Ніве” гучыць дагэтуль, ён пастаўлены Янкам Купалам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG