Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-канфэрэнцыя з Андрэем Дыньком


Радыё Свабода На гэтым тыдні на вэб-сайце “Свабоды” вы можаце даслаць свае пытаньні галоўнаму рэдактару газэты “Наша Ніва” Андрэю Дыньку. Адказы будуць выстаўленыя на сайце “Свабоды” ў пачатку наступнага тыдня.

Андрэю Дыньку 32 гады, ён родам зь Берасьця. Публіцыст, эсэіст. Быў (разам з Валерам Булгакавым) сузаснавальнікам часопісу “АRCHE”, віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру, шэсьць гадоў узначальвае “Нашу Ніву”. Перакладае з ангельскай, італьянскай, польскай, францускай, украінскай моваў. Жанаты, мае сына Якуба і дачку Ўсьціньню.

Стаў першым замежнікам, якому Вацлаў Гавэл уручыў ганаровую чэскую прэмію імя Гано Эленбоген. У 2006 годзе быў узнагароджаны прэміяй расейскага Першага каналу “За мужнасьць і прафэсіяналізм”. 22 лістапада стала вядома, што Міжнародны ПЭН-клюб прысудзіў яму сваю штогадовую прэмію “Свабода выказваньня” за “шматгадовае змаганьне за свабоду выказваньня ў Беларусі праз рэдактарства ў “Нашай Ніве” і асабістую творчасьць”.

У сакавіку 2006-га быў затрыманы, адседзеў тэрмін на Акрэсьціна. Ягоны акрэсьцінскі дзёньнік пераклалі на шэсьць эўрапейскіх моваў. Іншыя ягоныя творы перакладаліся на ангельскую, нямецкую, чэскую, славацкую, расейскую, польскую, украінскую мовы.

Неўзабаве мае выйсьці ягоная (у суаўтарстве з Андрэем Скурком) кніга “Беларусь за дзесяць падарожжаў”.

Андрэй Дынько: "Я ганаруся сваёй справай і сваім часам. Усё мы робім правільна. Па вялікім рахунку, наша нацыя ідзе ў добрым кірунку. Нягледзячы на праблемы і вар’яцтвы, якія парою мы перажываем, праз 20 гадоў Беларусь стане яшчэ адной скандынаўскай краінай... А “Наша Ніва” папросту мусіць выходзіць далей".

Задавайце пытаньні на форуме svaboda.org/forum.
XS
SM
MD
LG